Прэзідэнт Літвы: Задача Ціханоўскай і яе каманды — ацаніць, хочуць яны застацца ў Літве ці выбраць іншае месца
Гітанас Наўседа заявіў, што Святлана Ціханоўская пры гэтым застаецца госцяй Літвы.
Фота: Офіс Ціханоўскай
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сказаў, што ўзровень аховы Святланы Ціханоўскай быў зніжаны на падставе высноў кампетэнтных службаў, піша Delfi.
«Сапраўды, усё застаецца так, як было, і спадарыня Ціханоўская застаецца госцяй нашай дзяржавы. Мы сапраўды даем прытулак людзям, якіх пераследуюць як апазіцыянераў», — заявіў Наўседа.
«У дачыненні да спадарыні Ціханоўскай нічога не мяняецца. Я думаю, што сігналы, якія мы пасылаем міжнароднай супольнасці, застаюцца ранейшымі. А задача спадарыні Ціханоўскай і яе каманды — ацаніць, ці хочуць яны застацца ў Літве ці выбраць іншае месца. У любым выпадку, з нашага боку нічога не мяняецца», — сказаў ён.
Літва прыняла рашэнне аб скарачэнні фізічнай аховы лідара беларускіх дэмсіл. Яе ахова перадаецца са Службы бяспекі першых асоб дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Гэтае рашэнне ўступіла ў сілу з 1 кастрычніка.
Раней Наўседа каментаваў, што сітуацыю са зменай аховы Ціханоўскай занадта драматызуюць.