У Мінску паставілі аўтамат, які пшыкае парфумай за 1000 рублёў
У Мінску пачалі ставіць аўтаматы, якія пырскаюць на гараджан дарагой парфумай. Некалькі з іх павесілі ў ГЦ Dana Mall.
Фота тут і далей: Blizko.by
Blizko.by праверыў, як працуюць прылады.
На сэнсарным экране паказваюцца флаконы парфуму розных брэндаў. Спачатку трэба выбраць, што вы хочаце на сябе пырснуць, затым аплаціць адно распыленне.
Да аплаты прымаюцца і карты, і манеты. Купюры аўтамат не бярэ і рэшту не выдае. Пасля аплаты неабходна вызначыцца з тым, якую частку цела вы хочаце папшыкаць.
Адзін пшык каштуе ад 2,7 да 3,8 рубля. У асартыменце аўтамата — дарагія парфумерныя брэнды. Напрыклад Kirke tiziana terenzi, Kilian black phantom, Еx nihilo fleur narcotiqu і іншыя.
Цана гэтых парфумаў — ад 660 рублёў за 100 мл да 1000 за 50 мл.
Пасля выбару патрэбнай парфумы і аплаты апарат падказвае, з якога па ліку дазатара выльецца жаданая вадкасць. У аўтамаце амаль усё па-руску. На англійскай тут толькі назвы брэндаў парфумы і інфармацыя пра тое, з якога дазатара выльецца абраны вамі водар.
З мінусаў — няма дэталёвай інфармацыі пра водар. Хаця б каб зразумець: мужчынскі ён ці жаночы, салодкі ці не вельмі.
І яшчэ нюанс — хоць выбраны журналістам «пшык» каштаваў 3,8 рубля, з карты ў яго спісалі 4 рублі. Пасля аўтамат паведаміў, што гэтыя 20 капеек можна яшчэ патраціць — але ж на гэтую суму нельга нічога купіць.