БЕЛ Ł РУС

СБУ раскрыла схему вывазу ўкраінскіх мабілізаваных у Беларусь

17.10.2025 / 15:46

Nashaniva.com

Следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны ў Чарнігаўскай вобласці раскрыла арганізаваную групу, якая дапамагала мабілізаваным украінцам уцячы з навучальнага вайсковага цэнтра «Дзясна» і дабрацца да беларускай мяжы, даведалася «Радыё Свабода».

Навучальны вайсковы цэнтр «Дзясна» ў Чарнігаўскай вобласці. Архіўнае фота

Як стала вядома «Свабодзе» з крыніц у праваахоўных органах, адпаведную крымінальную справу расследуюць з траўня 2025 года паводле ч. 1 артыкула 114‑1 Крымінальнага кодэкса Украіны — перашкода законнай дзейнасці Узброеных сіл у асаблівы перыяд. Фігурантам справы пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

Пасярэднікам выступаў мясцовы таксіст, з якім вайскоўцы ездзілі з навучальнага цэнтра ў найбліжэйшыя крамы. Падчас такіх паездак кіроўца прапаноўваў мабілізаваным дапамогу ў вывазе іх да мяжы з Беларуссю ў аб’езд блокпастоў. За паслугі ён прасіў 10 тысяч грыўняў (каля 240 даляраў ЗША).

Вывозіў вайскоўцаў толькі з цэнтра, а потым нібыта перадаваў іншаму вайскоўцу, які на аўтамабілі аднаго з мясцовых дабрачынных фондаў абяцаў перавезці «ўцекачоў» у вёску Няданчычы Чарнігаўскай вобласці, дзе яны маглі перасячы мяжу Беларусі на надзіманым матрацы праз Дняпро.

У Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэнняў ёсць некалькі паведамленняў пра затрыманні мужчын прызыўнога ўзросту менавіта ў Няданчычах. Затрыманыя расказвалі, што збіраліся перайсці мяжу ў кірунку Беларусі па Дняпры на матрацы.

Аднак «Свабодзе» не ўдалося высветліць, ці з'яўляюцца гэтыя выпадкі эпізодамі справы аб падзеях у навучальным цэнтры «Дзясна», якую цяпер расследуюць.

Ва Украіне ў вышуку знаходзяцца прыблізна 1,5 мільёна мужчын прызыўнога ўзросту праз тое, што яны не абнавілі свае звесткі ў тэрытарыяльных цэнтрах камплектавання.

Ад студзеня 2022 па верасень 2025 года зарэгістравалі 235 646 крымінальных спраў за самавольнае пакіданне вайсковай часці, а 53 954 — за дэзерцірства.

Ад пачатку 2025 года ва Украіне адкрылі 47 046 спраў аб парушэнні правіл вайсковага ўліку — амаль столькі сама, колькі за ўвесь 2023 год.

Украінскія выданні перыядычна інфармуюць пра тое, як украінскія рэкруцёры, імкнучыся павялічыць колькасць жывой сілы на фронце па меры прасоўвання расійскіх войскаў і росту занепакоенасці адносна будучай падтрымкі Захаду, праводзяць рэйды па канцэртах, клубах і кавярнях, шукаючы людзей, якія, магчыма, ухіляюцца ад вайсковай службы.

Праз такія выпадкі ў 2024 годзе ва Украіне адбылося некалькі выбухаў у ТЦК і нападаў на іх прадстаўнікоў. Улады Украіны сцвярджалі, што гэта адбываецца пад куратарствам расійскіх спецслужбаў, каб сарваць мабілізацыю.

Чытайце таксама:

Пад Кіевам «мабілізавалі» ката. Вайсковец хацеў падарыць дзіцяці ката з прытулку, але забраў на вуліцы чужога

«Я ўмею забіваць. Тут мяне за гэта не асудзяць». Ва УСУ таксама служаць зняволеныя, якія прамянялі турму на поле бою

Грамадзянін Беларусі не можа звольніцца з украінскага войска і атрымаць грамадзянства Украіны

Залужны: Украіну ўратуе стварэнне кіберфізічнай сістэмы абароны, з апорай на робатаў

Каментары да артыкула