Пуцін у размове з Трампам запатрабаваў поўнай здачы Данецкай вобласці ў абмен на перамір’е
Падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ізноў выставіў ультыматум: Кіеў павінен цалкам адмовіцца ад кантролю над Данецкай вобласцю. Пра такую ўмову для спынення вайны паведаміла выданне The Washington Post са спасылкай на дзвюх высокапастаўленых крыніц.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп (справа) і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Фота: AP Photo / Julia Demaree Nikhinson
Адначасова Пуцін у той жа размове выказаў гатоўнасць адмовіцца ад частак Запарожскай і Херсонскай абласцей.
Некаторыя прадстаўнікі Белага дома ўспрынялі гэты момант як пэўны «прагрэс» у пазіцыі Крамля, паведамляюць суразмоўцы выдання.
Украінцы наўрад ці будуць разглядаць гэта так, сказаў іншы чыноўнік, высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат.
«Гэта як прадаваць ім іхнюю ж нагу ў абмен ні на што», — сказаў дыпламат.
Акрамя таго, паводле крыніц, спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткоф падчас сустрэчы з украінскай дэлегацыяй у пятніцу ціснуў на прадстаўнікоў Кіева адносна перадачы Данецкай вобласці Расіі, спасылаючыся на тое, што рэгіён у асноўным з'яўляецца рускамоўным.
Сам Дональд Трамп патрабаванні Пуціна публічна не каментаваў. Па выніках сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім ён заявіў толькі, што бакі павінны «спыніцца там, дзе яны ёсць».