БЕЛ Ł РУС

У Мінску скасуюць адзін з гарадскіх аўтобусаў — жыхары раёна абураныя

20.10.2025 / 14:39

Nashaniva.com

З 27 кастрычніка гарадскі аўтобус №123 «Сцяпянка — Вайсковая акадэмія» сыходзіць у мінулае. Рашэнне аб яго скасаванні прыняло прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь». Маршрут, які дзейнічаў з 1 верасня, прызналі незапатрабаваным.

Паводле даных транспартнікаў, напаўняльнасць аўтобусаў на гэтым маршруце — мінімальная: 15 верасня ў ранішнюю гадзіну пік сумарна за 4 рэйсы (у абодва бакі) праехала ўсяго 67 чалавек пры максімальнай правазной здольнасці ў 344 пасажыры. Гэта толькі 8,4% ад магчымага аб'ёму, паведамляюць «Мінск-Навіны».

На прадпрыемстве патлумачылі, што жыхары раёна пры неабходнасці могуць скарыстацца іншымі варыянтамі: аўтобусам №95 да прыпынку «Каліноўскага» з перасадкай на №15 альбо дабірацца праз станцыю метро «Маскоўская» і перасаджвацца на першую лінію да «Уручча». Адтуль — маршруты №15, 15Д, 169, 195 або 99 да «Ваеннай акадэміі».

Навіна аб скасаванні маршруту №123 выклікала бурнае абмеркаванне сярод жыхароў Сцяпянкі. У сацсетках з'явіліся дзясяткі каментарыяў — ад шкадавання да крытыкі такога рашэння.

Адны, сапраўды, лічаць, што аўтобус не карыстаўся попытам: «Нешта ні разу не бачыў, каб ён быў поўным. Толькі бабулькі да РНПЦ, а далей ехаў пусты і вёз паветра».

Іншыя мяркуюць інакш.

«Жыхары новабудоўляў ездзяць. Шкада, што скасуюць гэты маршрут. Відаць, калі ў аўтобусе ёсць свабоднае месца і ёсць чым дыхаць, гэта ўжо не лічыцца прадуктыўнай паездкай», — падзялілася меркаваннем адна з беларусак.

Маршрут быў запатрабаваны, асабліва для тых, хто працуе ў раёне метро «Уручча», расказала яшчэ адна мінчанка: «Я працую каля Уручча. Машынай — 10 хвілін, а грамадскім транспартам — кашмар! Прыходзіцца ехаць 95‑м да «Маскоўскай», потым на метро. Гэта амаль гадзіна. Пешшу прыкладна столькі ж, таму 123‑і быў выратаваннем».

Мясцовыя жыхары заклікаюць накіраваць калектыўны зварот у «Мінсктранс» з просьбай захаваць маршрут. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула