БЕЛ Ł РУС

МЗС Польшчы: Не можам гарантаваць, што ў выпадку пралёту над тэрыторыяй краіны самалёт Пуціна не будзе пасаджаны для арышту

21.10.2025 / 11:45

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў, што калі Уладзімір Пуцін паляціць на сустрэчу з Дональдам Трампам праз тэрыторыі гэтай краіны, то ягоны самалёт можа быць прымусова пасаджаны, каб арыштаваць Пуціна па ордары Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, піша BBC.

Радаслаў Сікорскі. Фота: Omar Havana / Getty Images

«Мы не можам гарантаваць, што незалежны польскі суд не загадае ўраду пасадзіць такі гіпатэтычны самалёт для перадачы падазраванага суду ў Гаазе», — сказаў Сікорскі.

У ходзе нядаўняй тэлефоннай размовы Трамп і Пуцін дамовіліся сустрэцца ў сталіцы Венгрыі Будапешце, дата сустрэчы пакуль не вызначана.

Усе суседнія з Венгрыяй краіны, акрамя Сербіі, спынілі рэгулярныя авіязносіны з Расіяй, але могуць палічыць магчымым прапусціць самалёт з расійскім прэзідэнтам праз сваю паветраную прастору. 

Пуцін падлягае арышту па ордары Міжнароднага крымінальнага суда, выдадзенаму ў сакавіку 2023 года, у краінах, якія падпісалі статут гэтага суда.

Сікорскі прызнаў, што Пуцін гіпатэтычна можа пазбегнуць тэрыторыі краін ЕС, праляцеўшы ў Венгрыю над Турцыяй, морам, Чарнагорыяй і Сербіяй. Сербія і Чарнагорыя, зрэшты, таксама члены МКС.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула