Дураў прайшоўся па Францыі і прапанаваў выкупіць выкрадзеныя з Луўра каштоўнасці
Заснавальнік Telegram Павел Дураў пракаментаваў рэзананснае абрабаванне Луўра і не стаў хаваць свайго стаўлення да французскіх уладаў, якія затрымлівалі яго і цяпер расследуюць супраць яго справу.
Павел Дураў. Фота: AP Photo / Roman Kulik, File
«Ніколькі не здзіўлены рабаваннем Луўра. Гэта яшчэ адна сумная прыкмета заняпаду калісьці вялікай краіны, дзе ўрад дасканала авалодаў мастацтвам адцягваць увагу людзей фантомнымі пагрозамі замест таго, каб супрацьстаяць рэальным», — напісаў Дураў у сацсетцы X.
У адказ на жарт у каментарах аднаго з карыстальнікаў, што гэта ён абрабаваў Луўр, Дураў заявіў, што гатовы выкупіць выкрадзеныя каштоўнасці. Але, паводле яго, у Парыж ён іх не верне: «Куплю выкрадзеныя каштоўнасці і вярну іх у Луўр. У Абу-Дабі, вядома. Адтуль ніхто нічога не крадзе».
Адносіны Дурава з французскімі ўладамі застаюцца напружанымі пасля таго, як 24 жніўня 2024 года ён быў затрыманы ў Парыжы. Яго абвінавацілі ў недастатковым супрацьдзеянні распаўсюджванню праз Telegram злачыннага кантэнту і адмове супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі. Праз некалькі дзён яго выпусцілі пад заклад у 5 мільёнаў еўра. Справа Дурава ўсё яшчэ расследуецца.