БЕЛ Ł РУС

Расіяніна адправілі на 15 гадоў у турму за прапанову сыну-вайскоўцу здацца ў палон і перайсці на бок Украіны

21.10.2025 / 13:47

Nashaniva.com

Жыхар Варкуты (Рэспубліка Комі), 45‑гадовы Генадзь Калашнікаў асуджаны на 15 гадоў строгага рэжыму па абвінавачанні ў спробе ўгаварыць сына, які ваюе на фронце, здацца ва ўкраінскі палон і ўступіць у шэрагі забароненага расійскімі ўладамі Рускага добраахвотніцкага корпуса, піша The Moscow Times.

Фота: агенцтва «Масква»

Мужчыну судзілі па артыкулах аб схіленні да ўдзелу ў тэрарыстычнай супольнасці (ч. 1.1 арт. 205.1 КК РФ), публічным апраўданні тэрарызму (ч. 2 арт. 205.2) і закліках да экстрэмісцкай дзейнасці з выкарыстаннем інтэрнэту (ч. 2 арт. 280).

У ФСБ заяўлялі, што ў сакавіку 2024 года Калашнікаў «схіляў свайго сына, які праходзіць службу ў зоне «спецыяльнай вайсковай аперацыі», да здачы ў палон ворагу», каб потым уступіць у «адно з праўкраінскіх падраздзяленняў». Акрамя таго, сілавікі абвінавачвалі мужчыну ў размяшчэнні ў Telegram пастоў з ухваленнем дзеянняў «украінскіх ваенізаваных фарміраванняў, у тым ліку прызнаных тэрарыстычнымі і забароненых у Расіі», а таксама ў закліках да нападаў на расійскіх вайскоўцаў.

Адвакат Калашнікава паведамляў, што фігурант называў сябе пацыфістам і цяжка перажываў удзел сына ў вайне, а прапановы здацца ў палон УСУ «насілі жартоўны характар». Паводле слоў варкуцінца, у паведамленнях было шмат смайлікаў, якія пазней зніклі з матэрыялаў справы. Заклікаючы сына перайсці ў РДК, Калашнікаў не ведаў, што корпус з’яўляецца праўкраінскай структурай, тлумачыла абарона падсуднага.

Акрамя таго, паводле адваката, заклікі да гвалту з боку яго падабароннага былі скіраваныя на ўдзельнікаў ПВК «Вагнер» і яе стваральніка Яўгена Прыгожына, а не на вайскоўцаў Узброеных сіл РФ. З-за «вагнераўцаў», як казаў Калашнікаў, пацярпелі жыхары захопленага Расіяй Бахмута. Фігурант не мог заклікаць да забойстваў байцоў рэгулярнай арміі хаця б таму, што адзін з іх — ягоны сын, заяўлялі юрысты.

Калашнікаў правядзе тры гады ў турме і яшчэ 12 гадоў у калоніі строгага рэжыму. Акрамя таго, ён атрымаў штраф 400 тысяч расійскіх рублёў (каля 5000 даляраў) і забарону на тры гады адміністравання сайтаў у інтэрнэце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула