Раптоўна памёр 29‑гадовы гросмайстар і папулярны анлайн-каментатар Дэніэл Нарадзіцкі
Амерыканскі шахматны гросмайстар і папулярны анлайн-каментатар Дэніэл Нарадзіцкі памёр ва ўзросце 29 гадоў.
Пра яго смерць паведаміла сям’я ў заяве, апублікаванай шахматным клубам Charlotte Chess Center у панядзелак. Прычына смерці не раскрываецца, піша Бі-бі-сі — Украіна.
«З глыбокім смуткам паведамляем пра раптоўную смерць Дэніэла Нарадзіцкага. Ён быў таленавітым шахматыстам, каментатарам і педагогам — улюбёным і паважаным членам шахматнай супольнасці, які натхняў прыхільнікаў і калегаў па ўсім свеце», — гаворыцца ў заяве.
Нарадзіцкі паходзіў з сям’і яўрэйскіх імігрантаў з СССР. Яго бацька, Уладзімір, прыехаў у ЗША з Украіны, а маці Алена — з Азербайджана.
Памяць пра Нарадзіцкага ўшанавалі шахматныя федэрацыі ЗША і іншых краін, а таксама шмат вядучых гульцоў.
Віцэ-чэмпіён свету, амерыканец Хікару Накамура, прызнаўся, што быў ашаломлены гэтай навіной. «Гэта велізарная страта для ўсяго шахматнага свету», — напісаў ён у сацсетках.
Дэніэл зацікавіўся шахматамі ў шэсць гадоў — брат Алан паказаў яму гульню, каб забаўляць дзяцей на дні народзінаў.
Бацька Уладзімір і некалькі трэнераў хутка заўважылі выключны талент хлопчыка.
«Я думаў, што проста гуляю з братам», — успамінаў Нарадзіцкі ў інтэрв’ю New York Times у 2022 годзе.
У 2007 годзе юны шахматыст заваяваў тытул чэмпіёна свету сярод хлопчыкаў да 12 гадоў у турэцкай Антальі.
Ужо ў 14 гадоў ён напісаў кнігу Mastering Positional Chess — адну з першых працаў, створаных падлеткам-гросмайстрам, дзе аналізаваў пазіцыйную гульню і практычныя прыёмы.
У 2013 годзе Нарадзіцкі стаў пераможцам моладзевага чэмпіянату ЗША і атрымаў званне гросмайстра — найвышэйшы тытул, які прысвойвае Міжнародная шахматная федэрацыя (FIDE).
Ён скончыў Стэнфардскі ўніверсітэт, пасля чаго выкладаў шахматы ў горадзе Шарлот (штат Паўночная Караліна).
Паралельна з выступамі на турнірах Нарадзіцкі актыўна развіваўся анлайн. Яго YouTube-канал сабраў амаль 500 тысяч падпісчыкаў, а трансляцыі на Twitch — больш за 340 тысяч.
Тысячы гледачоў рэгулярна глядзелі яго навучальныя відэа і прамыя эфіры з партыяў.
Прыхільнікі пяшчотна называлі яго Даня і адзначалі яго глыбокія аналітычныя здольнасці, пачуццё гумару і шчырую любоў да гульні.