БЕЛ Ł РУС

Чым страшнейшая кладзешся спаць, тым прыгажэйшая прачынаешся: модніцы апантаныя экстрэмальным начным доглядам

22.10.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Кожную ноч тысячы дзяўчат кладуцца спаць, «муміфікаваныя» пластамі касметыкі і б'юці-сродкаў. Іх мэта — раніцай зняць з сябе ўсе «бінты» і ўбачыць у люстэрку ідэальны твар. Але ці працуе?

У тыктоку папулярны новы трэнд, які хаваецца пад хэштэгам #morningshed — складаныя працэдуры падрыхтоўкі сябе да сну, якія абяцаюць асляпляльны выгляд раніцай. Яны выходзяць далёка за межы нанясення звычайнай сыроваткі ці крэму. Галоўны прынцып можна сфармуляваць так: чым больш дзіўна і непрывабна выглядаеш перад сном, тым больш уражваючы будзе вынік раніцай.

Як піша El Pais, кожную раніцу тысячы дзяўчат прачынаюцца «муміямі» і трацяць час, каб пазбавіцца ад атрыбутаў свайго начнога рытуалу: некалькіх пластоў касметыкі, масак для твару і вуснаў, разнастайных патчаў, клейкай стужкі для фіксацыі рота і бандажоў для карэкцыі авала твару. Да ўсяго гэтага дадаецца стрэс ад неабходнасці спаць нерухома і на спіне.

@southernwestsunshine The uglier you go to bed the ✨prettier✨ you wake up #dailyshed #skincare #heatlesscurls #silkbonnet ♬ Carrie Bradshaw - Gal Matza

Паводле звестак платформы для аналізу анлайн-трэндаў Spate, сярэднемесячная колькасць пошукаў па запыце #morningshed у гэтым годзе склала 3,6 мільёна. Іронія ў тым, што для дасягнення моднага «натуральнага» выгляду патрабуюцца каласальныя намаганні. Чым больш складаным і нават абсурдным выглядае начны рытуал, тым больш увагі ён прыцягвае ў сацсетках.

Ці такі добры эфект?

Маскі, патчы, бандажы… Дэрматолагі аднагалосна сцвярджаюць, што большая колькасць слаёў касметыкі не гарантуе лепшага выніку. Наадварот, многія з іх лічаць, што добра прадуманы мінімалізм значна больш эфектыўны. Шматэтапныя рытуалы, паводле іх слоў, могуць выклікаць раздражненне, кантактны дэрматыт, акнэ і парушэнне pH-балансу скуры.

Асабліва настойліва спецыялісты раяць не спалучаць рэтыноіды з хімічнымі пілінгамі. Рэтыноіды — гэта вельмі актыўныя вытворныя вітаміна А, якія паскараюць абнаўленне клетак, а хімічныя пілінгі (сродкі з AHA– і BHA-кіслотамі) інтэнсіўна ачышчаюць паверхню скуры. Выкарыстанне абодвух кампанентаў адначасова можа прывесці да моцнага раздражнення і пашкоджання ахоўнага бар'ера скуры, бо гэта занадта агрэсіўнае ўздзеянне. Таксама не рэкамендуецца спалучаць некалькі відаў пілінгаў за адну працэдуру, каб не выклікаць празмернае аблушчванне і абязводжванне скуры.

Вітамін С лепш засвойваецца раніцай, а рэтыноіды — увечары. Пептыды могуць страчваць сваю эфектыўнасць пры кантакце з моцнымі кіслотамі. Агульная рэкамендацыя — выкарыстоўваць адзін «магутны» актыўны кампанент за ноч у спалучэнні са сродкамі для аднаўлення скуры.

@jasmine.alishaa hair had me shook for a sec ngl #morningshed #heatlesscurls #facemask @Medicube Global @Sacheu ♬ Carrie Bradshaw - Gal Matza

Сродкі без даказаных вынікаў

Поспех гэтых рытуалаў у сацыяльных сетках, здаецца, напрамую залежыць ад колькасці прадуктаў на твары. Аднак эфектыўнасць многіх з іх выклікае ў спецыялістаў вялікія сумневы.

Пластыр для рота, які нібыта забяспечвае правільнае насавое дыханне, дэрматолагі і медыкі лічаць небяспечнай практыкай. Яны папярэджваюць, што гэта можа выклікаць храп, апноэ і нават удушша, калі пластыр ссунецца падчас сну.

Эластычныя павязкі для твару з эфектам пахудзення на самой справе не змяншаюць тлушчавыя адклады. Яны даюць толькі часовы кампрэсійны эфект, а сон у іх можа выклікаць раздражненне і празмерную нагрузку на скронева-сківічны сустаў.

Клейкія стужкі для твару (тэйпы), якія нібыта прадухіляюць утварэнне маршчын, таксама не маюць даказанай эфектыўнасці, а рызыка пашкодзіць скуру пры іх зняцці цалкам рэальная.

Адна з самых дзіўных навінак — калагенавыя маскі, якія за ноч становяцца празрыстымі. Дэрматолагі тлумачаць, што касметычны калаген у яго звычайнай форме не здольны пранікнуць у глыбокія слаі скуры і дзейнічае толькі як часовы ўвільгатняльнік на паверхні. Для стымуляцыі выпрацоўкі ўласнага калагену патрэбныя іншыя кампаненты і працэдуры.

@shakeel.murtaza AD POV: Trying the viral ”morning shed” trend as a guy, with @Garnier’s Blemish Patches #skincare #blemishpatches ♬ original sound - Shakeel

Акрамя таго, эксперты па касметыцы нагадваюць пра важнае правіла бяспекі: неабходна заўсёды прытрымлівацца інструкцый вытворцы і не пакідаць на ўсю ноч маску, якая для гэтага не прызначана. Яны ўдакладняюць, што калі маска з'яўляецца пілінгам або мае ў саставе кіслоты (напрыклад, гліколевую, малочную ці саліцылавую), пакідаць яе на ноч вельмі небяспечна. Гэта можа выклікаць моцнае раздражненне, пачырваненне і пашкоджанне ахоўнага бар'ера скуры, бо такія сродкі разлічаны на ўздзеянне ўсяго на некалькі хвілін.

У той жа час, калі маска мае ўвільгатняльны або заспакаяльны эфект і змяшчае такія кампаненты, як гіалуронавая кіслата або алоэ вера, працяглае выкарыстанне звычайна не выклікае праблем.

Дык які ж начны догляд лічыцца ідэальным?

На думку касметолагаў, эфектыўны начны рытуал складаецца ўсяго з некалькіх правільна падабраных крокаў: дбайнага двухэтапнага ачышчэння, выкарыстання актыўных кампанентаў (такіх як рэтыноіды і пептыды) для аднаўлення і дастатковага ўвільгатнення для падтрымання ахоўнага бар'ера скуры.

Чытайце таксама:

Новы трэнд: цыбульны сок, каб валасы сталі здаравейшыя. Гэта праўда працуе?

Дзяўчына хацела вылечыць акнэ, але трапіла ў рэанімацыю з 90% апёку ўсяго цела. Яна цудам выжыла

Новая эра пластычнай хірургіі: галівудскія зоркі заўважна змянілі выгляд

Каментары да артыкула