Рабочага з Мікашэвічаў асудзілі па чатырох палітычных артыкулах і назвалі «тэрарыстам»
Справа, падобна, у публікацыях Ігара Калуева ў інтэрнэце.
Ігар Калуеў. Фота з ягонай старонкі ў «Аднакласніках»
Ігару Калуеву 51 год. Ён з Мікашэвічаў. Мяркуючы па сацсетках, мужчына працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях у родным горадзе.
Ігар любіць жывёл — у сацсетках ён рэгулярна рэпосціў аб'явы пра тое, як ім дапамагчы. Таксама ён рэпосціў навіны з грамадска-палітычных паблікаў.
Ігара Калуева затрымалі ў лістападзе 2024 года. Яго асудзілі ў Брэсцкім гарадскім судзе па чатырох артыкулах — «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 3 арт. 361‑1 КК), «заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).
Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але амаль напэўна звязаная з ягонай актыўнасцю ў сацсетках. Дакладны прысуд Ігару таксама невядомы, але звязаны з пазбаўленнем волі. Мужчыне пагражала да пяці гадоў калоніі.
А нядаўна Калуева дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», якія вядуць МУС і КДБ адпаведна.
Чытайце таксама:
Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд
Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца
65‑гадовай пенсіянерцы з Мінска прысудзілі чатыры гады за каментары ў інтэрнэце