БЕЛ Ł РУС

«Ён сапраўды як мала хто заслужыў яе» — Мілінкевіч пра прэмію для Пачобута

22.10.2025 / 18:53

Nashaniva.com

«Прэмія Сахарава ўзмоцніць шанцы Пачобута на вызваленне і дапаможа іншым палітвязням».

Колішні лаўрэат прэміі Сахарава, былы кандыдат на прэзідэнты, а цяпер дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілінкевіч павіншаваў Анджэя Пачобута з узнагародай.

«Ён сапраўды як мала хто заслужыў яе. Я яго ведаю тысячу гадоў. Мы з аднаго гораду. Мы разам адраджалі польскасць і беларускасць у Горадні. Гэта чалавек адраджэння, вельмі смелы, мужны чалавек, чалавек ідэі, каштоўнасцяў. І я думаю, што ён заслужыў гэтую прэмію, і яна, безумоўна, узмоцніць яго шансы на тое, каб быць вызваленым, як і дапаможа іншым беларускім палітвязням».

Мілікевіч у размове са «Свабодай» падкрэслівае, што Лукашэнка не вызваляе палітвязняў з той прычыны, што яны атрымалі прэстыжныя прэміі.

«Лукашэнка толькі тады вызваляе палітвязняў, калі ён баіцца, што не будзе далей кіраваць Беларуссю. Так было ў часы агрэсіі ў Грузіі, потым анексія Крыма, і тады вызваляліся палітвязні. І зараз ён таксама баіцца, што Пуцін прайграе вайну. І ён будзе вызваляць палітвязняў, я ў гэтым упэўнены, у тым ліку Анджэя».

Паводле палітыка, ЕС прыняў слушнае рашэнне, аддаўшы прэмію двум журналістам.

«Мала хто, як журналісты, робяць вялікую справу ўсталявання ў свеце дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека. Мы дажыліся да такіх часоў, што дэмакратый стала ўжо менш, чым дыктатур. У свеце перамагаюць ідэі лічбавага таталітарызму, кіраванага хаосу. І нават вядучая краіна свету перастае дбаць пра дэмакратыю ў іншых дзяржавах. Гэта, канешне, вельмі цяжкія, няпростыя часы, і такія героі, сапраўдныя героі як Анджэй Пачобут вельмі важныя як сымбалі, як людзі, на якіх трэба раўняцца», — кажа ён.

Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут арыштаваны быў увесну 2021 года ў межах так званай «справы Саюза палякаў на Беларусі». Гродзенскі абласны суд прысудзіў яго да 8 гадоў калоніі строгага рэжыму. Актывіста прызналі вінаватым у «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» і «распальванні нацыянальнай варожасці». Палітычны характар прысуду быў прызнаны беларускімі праваабаронцамі і міжнароднай супольнасцю.

Пасля вынясення гэтага жорсткага прысуду 10 лютага 2023 года Польшча ў адказ рэзка ўзмацніла санкцыйны ціск, закрыўшы адзін з двух ключавых пунктаў пропуску на мяжы — «Баброўнікі» («Бераставіца»).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула