БЕЛ Ł РУС

Упершыню ў гісторыі беларусы могуць вярнуцца з Зімовай Алімпіяды ні з чым

23.10.2025 / 7:48

Nashaniva.com

У дысцыплінах, што традыцыйна прыносілі нам медалі, Беларусь не дапушчана да спаборніцтваў.

Медалі будучай Алімпіяды. Фота: Emmanuele Ciancaglini/Getty Images

У аўторак Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і снаўборду (FIS) не дапусціла беларускіх і расійскіх спартсменаў да кваліфікацыйных алімпійскіх спаборніцтваў. Пад эгідай FIS праводзяцца спаборніцтвы па лыжных гонках, горных лыжах, фрыстайле і снаўбордзе.

Крыху раней стала вядома, што беларускіх біятланістаў не дапусцяць за Зімовай Алімпіяды нават у нейтральным статусе.

Беларускі біятлон застаецца ў поўнай ізаляцыі, як і ад пачатку вайны ва Украіне, калі міжнародныя федэрацыі масава забаранілі ўдзел у спаборніцтвах атлетаў з Беларусі і Расіі.

Між тым, менавіта біятлон і фрыстайл — дысцыпліны, якія стабільна прыносілі краіне медалі на Зімовых Алімпійскіх гульнях. 

Біятланісты заваявалі 11 медалёў, у тым ліку чатыры залатыя, фрыстайлісты — восем (чатыры залатыя).

На апошняй Алімпіядзе ў Пекіне ў 2022 года беларусы заваявалі два срэбры: у фрыстайле (Ганна Гуськова) і Антон Смольскі (біятлон).

На Алімпіядзе ў Сочы ў 2014 у беларусаў было пяць залатых медалёў (тры ў біятланісткі Дар'і Домрачавай, па адным у фрыстайлістаў Антона Кушніра і Алы Цупер).

Пакуль на Алімпіяду-2026 ёсць толькі адна ліцэнзія: у фігурысткі Вікторыя Сафонавай, магчымыя ліцэнзіі ў канькабежным спорце і скелетоне. Але медаль у канькабежным спорце была на Зімовых алімпіядах толькі ў далёкім 1994 годзе — срэбра Ігара Жалязоўскага. 

З усіх Зімовых гульнях беларусы прывозілі ўзнагароды (больш за ўсё з Сочы-2014 — 6, менш за ўсё з Солт-Лэйк-Сіці-2002 — адзін медаль).

Зімовыя Алімпійскія гульні 2026 года пройдуць з 10 па 26 лютага ў італьянскім Мілане і Карціна д'Ампеца. 

 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула