БЕЛ Ł РУС

У вёсцы пад Магілёвам бядак беспаспяхова спрабаваў скрасці тры аўтамабілі за ноч

23.10.2025 / 10:18

Nashaniva.com

Здарэнне адбылося ў вёсцы Палыкавічы.

Злачынца за адну ноч напужаў адразу трох аўтааматараў здзейсніўшы няўдалыя спробы ўгону BMW 318 I, Жыгулёў і Opel Astra.

У першым выпадку незапёрты BMW стаяў у гаражы на тэрыторыі прыватнага дома. Скарыстаўшыся ключом у замку запальвання невядомы завёў аўтамабіль і пачаў рух па гаражы, але быў затрыманы гаспадаром і ўцёк, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

У другім выпадку злачынцу таксама спадарожнічала няўдача — угнаныя «Жыгулі» заглухлі на суседняй вуліцы. Трэцім на яго шляху аказаўся Opel Astra, які таксама стаяў незапёрты на двары. Аднак, як пазней высветлілі следчыя, няўдалы кіроўца не змог ўключыць заднюю перадачу і кінуў транспартны сродак на суседняй вуліцы.

Міліцыя высветліла, што да злачынстваў датычны адзін і той жа чалавек — 32‑гадовы ўраджэнец Горацкага раёна, а цяпер жыхар Старых Дарог, раней ужо судзімы за ўгон і крадзеж. На наступны дзень яго затрымалі.

Экспертамі ўстаноўлена, што ўзятыя з сядзенняў кіроўцаў мікравалокны маюць агульную прыналежнасць з валокнамі ў складзе спартыўных штаноў названага мужчыны. А сляды абутку, знойдзеныя ў гаражы і ў двары, дзе стаялі аўтамабілі, супалі з падэшвай яго красоўкаў па агульных прыкметах. Па выніках даследавання ДНК эксперты прыйшлі да высновы, што з высокай верагоднасцю біялагічны матэрыял на пальчатцы можа паходзіць ад затрыманага.

Ён прызнаўся, што планаваў ехаць у Старыя Дарогі цягніком, які трэба было доўга чакаць. Каб хутчэй дабрацца да дома, рашыўся на ўгон.

Судам Магілёўскага раёна з улікам пакарання па папярэднім прысудзіў тры гады і месяц з адбываннем у выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула