У дварах Мінска з’явіўся першы электрычны смеццявоз ад МАЗа
Мінскі парк камунальнай тэхнікі папоўніўся цікавай навінкай — першым беларускім электрычным смеццявозам MAZ-GTe.
Фота: maz.by
Яго перадалі кампаніі «Экасістэма горада» ў прысутнасці кіраўніка Мінпрыроды Сяргея Масляка, паведамілі ў прэс-службе МАЗа.
Міністр не адмовіў сабе ў задавальненні праехаць на машыне і заявіў, што праехаць на такой тэхніцы МАЗ — мара любога хлопчыка. На прадпрыемстве бачаць вялікі патэнцыял у развіцці экалагічнага транспарту.
«Упэўнены, будзе і дзясяты, і соты, і тысячны электрычны смеццявоз. Магчыма, гэта будзе глабальны кірунак, звязаны з электрыфікацыяй машынабудавання. Веру, што наш праект будзе паспяховым», — заявіў кіраўнік МАЗа Валерый Іванковіч.
Першы MAZ-GTe будзе абслугоўваць «Мінск-Свет».
MAZ-GTe мае сінхронны электрарухавік магутнасцю 150 кВт. Батарэя з запасам энергіі больш за 250 кВт·г забяспечвае разліковы запас ходу да 200 км.
Смеццявоз мае аб’ём кузава 20 м³, можа змясціць да 10 т адкідаў. Загрузіць адзін кантэйнер машына можа за 15 секунд. Каэфіцыент ушчыльнення— 1:8, час прэсавання — 25 секунд.
У машыны вынесеная наперад кабіна з паніжанай падлогай. Унутры яна прасторная, ёсць нават магчымасць стаць у поўны рост.
Ёсць прыборная панэль з каляровым ЖК-дысплеем і сэнсарная панэль кіравання. Добры агляд для кіроўцы забяспечваецца з дапамогай сістэмы кругавога агляду на 360 градусаў, выявы задняга выгляду з чатырох камер выводзяцца на бакавыя маніторы на стойках унутры кабіны.
На прадпрыемстве падкрэслілі, што ўсё электрычнае абсталяванне было спраектавана і ўстаноўлена спецыялістамі МАЗа.