Мельнікава двойчы была на паліграфе. Першы раз расплакалася і ўцякла
Зніклую спікерку Каардынацыйнай рады правяраў «Байпол» — як шмат каго яшчэ з дэмакратычных актывістаў.
Анжаліка Мельнікава
Як стала вядома «Нашай Ніве», зніклая спікерка Каардынацыйнай рады ў 2022‑м двойчы праходзіла паліграф, ініцыяваны тады яшчэ маналітнай арганізацыяй «Байпол». Многія людзі ў дэмакратычным руху тады яго праходзілі. Тыя, з кім мы гаварылі, кажуць, што на такіх паліграфах цэнтральнай тэмай было магчымае супрацоўніцтва чалавека са спецслужбамі Беларусі ці Расіі. Большую частку часу займала размова з паліграфолагам, а ўжо сам паліграф па яе выніках — 10 хвілін. Мы не ведаем, ці адрознівалася тэма размовы Мельнікавай з паліграфолагам ад аналагічных у іншых людзей. Але ёсць факт: з першага паліграфа Мельнікава фізічна збегла ў яго разгары.
Паліграф — такая рэч, падчас якой тэма размовы з чалавекам не мяняецца. Таго, хто адказвае, звычайна апытваюць толькі на адну тэму. Напрыклад, крадзяжы на рабоце, педафілія, гвалт, што заўгодна. У выпадку беларускага дэмакратычнага руху ўзору ваеннага 2022-га, пасля ўжо выкрытых множных фактаў інфільтравання дэмакратычных арганізацый лукашэнкаўскай агентурай Байпол стаў запрашаць на такія паліграфы масава. Цэнтральным пытаннем было імавернае супрацоўніцтва са спецслужбамі Лукашэнкі ці Пуціна, перадача ім інфармацыі ці іншыя формы судзеяння.
Адпаведна, паліграфолаг разам з апытаным праходзіўся па яго біяграфіі, шукаў моманты і абставіны, у якіх той мог бы ўступіць у адносіны з прадстаўнікамі спецслужб, а ўжо потым — калі чалавек абматаны дратамі і можа адказваць толькі «так» або «не» — біў у гэтыя вузкія месцы правакацыйнымі пытаннямі.
Зніклая спікерка КР Анжаліка Мельнікава, як дакладна вядома «Нашай Ніве», першага такога паліграфа не вытрымала і, цытата суразмоўцы: «расплакалася і ўцякла з яго».
Потым, як вядома «Нашай Ніве», Мельнікава праходзіла яшчэ адзін паліграф. І ўжо гэты другі прайшла паспяхова.
Аляксандр Азараў, цэнтральная фігура на той момант «Байпола», які і ініцыяваў паліграфы, каментаваць гэтую гісторыю не стаў. Ён сказаў «Нашай Ніве», што «яе паліграф па пытаннях супрацоўніцтва не звязаны са згаданымі істэрыкамі, […] там былі прыватныя справы».
Чытайце таксама:
Каханак Мельнікавай Аляксей Лабееў служыў у КДБ з 2019 года
Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця