БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнткай Ірландыі выбраная Кэтрын Коналі, палітык левых поглядаў

25.10.2025 / 23:6

Nashaniva.com

Яна крытыкуе планы пераўзбраення ЕС, вайсковую дапамогу Украіне, рэзка выказваецца ў адрас ЗША, НАТА, а таксама Ізраіля ў сувязі з вайной у Газе. Праўда, роля яе ў палітыцы краіны будзе больш цырыманіяльнай.

На выбарах прэзідэнта Ірландыі яна вылучалася як незалежная кандыдатка. Канчатковыя вынікі галасавання яшчэ не падведзеныя, аднак, паводле папярэдніх звестак, Коналі амаль у два разы апярэджвае сваю адзінаю суперніцу — кандыдатку ад кіруючай партыі «Фінэ Гэл» Хізэр Хэмфрыс, піша Радыё Свабода.

Паводле папярэдніх дадзеных, Коналі атрымлівае больш за 60% галасоў, а Хэмфрыс — менш за 30%. Астатнія галасы былі пададзеныя за знятага з выбараў Джыма Гэвіса, а больш як 10% выбаршчыкаў сапсавалі свае бюлетэні — як правіла, гэта людзі правых поглядаў, якія незадаволеныя сітуацыяй з міграцыяй у краіне і якія знайшлі прымальнага для сябе кандыдата.

68‑гадовую Коналі на выбарах падтрымала кааліцыя з сямі апазіцыйных партый на чале з найбуйнейшай левай сілай — «Шын Фэйн».

Каментатары адзначаюць, што па шэрагу пытанняў яна прытрымліваецца значна больш левых пазіцый, чым мэйнстрым еўрапейскай палітыкі. Акрамя іншага, яна крытыкуе планы пераўзбраення ЕС, вайсковую дапамогу Украіне, рэзка выказваецца ў адрас ЗША, НАТА, а таксама Ізраіля ў сувязі з вайной у Газе.

Прэзідэнт у Ірландыі выконвае перадусім цырыманіяльныя функцыі і не ўплывае на палітыку ўрада. Кіраўнік кабінета Міхол Марцін павіншаваў Коналі з перамогай і выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць з ёй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула