БЕЛ Ł РУС

Літва рыхтуе жорсткі адказ Беларусі: магчымае доўгатэрміновае закрыццё мяжы і спыненне транзіту ў Калінінград

26.10.2025 / 13:18

Nashaniva.com

Літва рыхтуе комплексны адказ на гібрыдныя атакі з боку Беларусі, праз якія трэці раз у гэтым месяцы спынялася праца Віленскага аэрапорта. Сярод магчымых мер — працяглае закрыццё мяжы з Беларуссю і абмежаванне транзіту ў Калінінград.

Фота: VSAT

Сёння міністр унутраных спраў і часовы міністр абароны Літвы Уладзіслаў Кандратовіч збірае рабочую нараду, каб абмеркаваць тэхнічныя меры па прадухіленні далейшых паветраных інцыдэнтаў, такіх як палёты мэтэазондаў і дронаў, што паралізуюць працу Віленскага аэрапорта. Пра гэта напісала ў фэйсбуку прэм'ерка Літвы Інга Ругінене.

Рашэнні будуць прадстаўлены Камісіі нацыянальнай бяспекі заўтра а 9‑й гадзіне раніцы. Там будуць разглядаць як кароткатэрміновыя, так і доўгатэрміновыя рашэнні літоўскага боку.

Адначасова Міністэрства ўнутраных спраў Літвы падрыхтавала папраўкі да Крымінальнага кодэкса — прадугледжваецца адказнасць за пагрозы авіяцыі і больш строгія пакаранні за кантрабанду паветраным шляхам.

Таксама міністэрства эканомікі разам з прадстаўнікамі абароны, навукі і інавацый павінны знайсці канкрэтныя тэхналагічныя рашэнні супраць паветраных пагроз з боку Беларусі.

Адначасова з дыпламатычным шляхам прэм'ерка не выключае магчымасці закрыць мяжу з Беларуссю на працяглы тэрмін.

Кіраўнік літоўскай дзяржавы Гітанас Наўседа прапанаваў разгледзець пытанне аб абмежаванні транзіту ў Калінінград.

Ён ацэньвае інцыдэнты апошніх дзён і збоі ў працы аэрапортаў «як гібрыдную атаку на Літву, на якую неабходна рэагаваць як сіметрычнымі, так і асіметрычнымі спосабамі»:

«У бліжэйшыя дні ўрад павінен прапанаваць спосабы рэагавання. Сярод варыянтаў, якія павінны быць разгледжаны, — працяглае закрыццё мяжы з Беларуссю і абмежаванне транзіту ў Калінінград».

Вечарам 25 кастрычніка чарговы раз была спынена праца Віленскага аэрапорта. Гэта ўжо трэці раз за тыдзень і другі вечар запар, калі з-за вялікай колькасці кантрабандысцкіх шароў з боку Беларусі спыняліся палёты і часова закрываліся памежныя пункты пропуску.

Агулам, за тыдзень спыненне працы аэрапортаў закранула каля 70 авіярэйсаў і больш за 10 тысяч пасажыраў.

Прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі раскрытыкавалі ўрад Літвы за бяздзейнасць.

«Літва становіцца недзеяздольнай краінай, якую захочуць аб'язджаць бокам як бізнесмены, так і турысты», — заявіў старшыня Дэмакратычнага саюза «У імя Літвы» Саўлюс Сквярняліс.

«Другую ноч запар парушаецца праца Віленскага аэрапорта, — напісаў ён у сацсетцы. — Падобна, што жаданне нашых жыхароў карыстацца сталічным аэрапортам стане мінімальным. Недзеяздольнасць улады ўжо наносіць шкоду як іміджу дзяржавы, так і яе бяспецы і надзейнасці».

Сквярняліс папракнуў урад у тым, што яны па-ранейшаму свята перакананыя, што гаворка ідзе проста пра кантрабанду.

«У Беларусі якая б ні была незаконная дзейнасць не ажыццяўляецца без дазволу, узгаднення або проста загаду КДБ і ваеннай разведкі», — мяркуе былы прэм'ер-міністр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула