БЕЛ Ł РУС

Спецпасланнік Папы: Беларусь не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай

26.10.2025 / 17:27

Nashaniva.com

Спецыяльны пасланнік Папы Рымскага Клаўдыё Гуджэроці наведаў Беларусь.

Ён прыняў удзел ва ўрачыстасцях 100‑годдзя Пінскай дыяцэзіі. 26 кастрычніка папскі пасланнік звярнуўся да моладзі ў брэсцкім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, піша katolik.life.

Ён папрасіў моладзь «занесці благаслаўленне» ад імя Папы Льва XIV усім, хто чакае падтрымкі, суцяшэння, надзеі:

«Не толькі людзям, але таксама ўсёй краіне, якая не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай, забытай усімі.

Бог любіць усіх і жадае, каб усе жылі ў радасці і шчасці. Гэта таксама пажаданне католікаў усяго свету, скіраванае да вас».

Ён таксама падзяліўся думкай, што часам у беларускім характары прысутнічае недастатковы гонар самімі сабой:

«Але вы павінны ведаць, што вы проста выдатныя, і што няма народаў другога гатунку. Вы няшмат кажаце, але гэта не значыць, што вы мала думаеце. Вы — больш мудрыя. Ваша маўклівае сэрца расце ад нявыказаных пачуццяў».

Кардынал папрасіў маліцца за Папу, за мір і згоду ва ўсім свеце.

Клаўдыа Гуджэроці з 2011 па 2015 год быў апостальскім нунцыем у нашай краіне. У верасні 2012 года Клаўдыа Гуджэроці зрабіў візіт у турмы, дзе ўтрымліваліся беларускія палітычныя зняволеныя.

Таксама Клаўдыа Гуджэроці спрычыніўся да вяртання ў краіну Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады ў 2020 годзе не пускалі назад.

Нунцый Гуджэроці неаднаразова маліўся на Дзяды ў Курапатах, а калі быў нунцыем у Вялікабрытаніі, перыядычна наведваў Беларускую бібліятэку імя Скарыны ў Лондане.

16 кастрычніка пасол у Ватыкане Юрый Амбразевіч сустракаўся з Гуджэроці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула