Мінская фатографка трапіла ў страшную аварыю на самакаце ў Дубаі. Яна праляжала ў коме 14 дзён
25‑гадовая Джэйлан Сільвановіч — фатографка з Мінска. У лістападзе 2024 года яна трапіла ў жудасную аварыю ў Дубаі: ехала па дарозе на самакаце, і яе збіла машына. Джэйлан правяла ў коме 14 дзён і страціла зрок на адно вока, піша «Смартпрэс».
Фота тут і далей: «Смартпрэс»
Тры гады таму Джэйлан зляцела жыць у Дубай. Спартыўная, лёгкая на ўздым… Аварыя, якая падзяліла яе жыццё на «да» і «пасля», здарылася 20 лістапада 2024 года.
«Я нічога не памятаю, ні ўдару, ні самога ДТЗ. Ведаю толькі, што ехала на самакаце па дарозе без шлема», — згадвае дзяўчына.
Яе збіў вадзіцель машыны, які ў той момант разварочваўся. Чэрапна-мазгавая траўма, бальніца, аперацыя, кома…
«Шанцы выжыць у Джэйлан былі мінімальныя. Дактары казалі: яна страціла шмат крыві, яе збіралі па частках, мозг ні на што не рэагаваў. Прагноз — застанецца «агароднінай» на ўсё жыццё, але праз 14 дзён Джэйлан выйшла з комы», — расказвае яе хлопец Улад.
Ён паляцеў у Дубай да яе.
«На ложку ляжала дзяўчынка кілаграмаў 40, палова твару не працуе як пасля перанесенага інсульту, галава ўся ў шнарах і перабінтаваная. Сказалася і знаходжанне ў коме, яна ачомалася, але мысленне было на ўзроўні 5‑гадовага дзіцяці», — працягвае расказваць Улад.
Месяц дзяўчына правяла ў бальніцы Saudi German Hospital. Яе даставілі сюды адразу пасля ДТЗ. За аперацыю і месяц знаходжання ў бальніцы страхавая кампанія заплаціла $100 тысяч.
Пасля аварыі дзяўчына аслепла на левае вока, а павекі перасталі адкрывацца. Каб убачыць гэты свет, ёй даводзілася прыпадымаць рукой павека правага вока. Да таго ж было складана хадзіць, яна страчвала раўнавагу.
У Дубаі дзяўчыне не прапанавалі рэабілітацыю, таму пара прыляцела ў Беларусь. У выніку Джэйлан трапіла ў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Доктар правёў ювелірную працу на воку, злучыў адны мышцы павека з іншымі — і цяпер яны могуць адкрывацца.
Цяпер дзяўчына спадзяецца аднавіць зрок на левае вока і выйграць суд. Адразу пасля ДТЗ вадзіцеля машыны арыштавалі, а калі Джэйлан выйшла з комы — адпусцілі.
«У гэтай аварыі віна мая і кіроўцы 50×50. Так вырашыў транспартны суд, у якім адразу разглядалася справа. Я не павінна была ехаць па дарозе на самакаце, але побач не было пешаходнай дарожкі. Цяпер я звярнулася з іскам у грамадзянскі суд, каб дамагчыся выплаты ад кіроўцы».