БЕЛ Ł РУС

Учора на тэрыторыю Літвы заляцела 66 метэазондаў

27.10.2025 / 10:07

Nashaniva.com

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас заявіў, што вечарам у нядзелю з Беларусі ў бок Літвы было запушчана больш паветраных метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, чым днём раней, паведамляе LRT.

Ілюстрацыйнае фота

Па яго словах, на радарах, што адсочваюць паветраную прастору Літвы, былі зафіксаваныя 66 аб’ектаў.

«Зафіксавана 66 штук. У параўнанні з пазаўчарашнім днём — гэта прыблізна ўдвая больш», — сказаў Віткаўскас у эфіры Радыё LRT.

Ён удакладніў, што пакуль знойдзены толькі адзін шар, які заляцеў на тэрыторыю Літвы, астатнія працягваюць шукаць.

З-за інцыдэнту зноў часова была прыпыненая работа Віленскага аэрапорта, а Літва на некаторы час закрыла наземныя памежныя пункты з Беларуссю. Прадстаўнікі службаў адзначаюць, што запуск кантрабандных паветраных шароў актывізуецца пры спрыяльных для парушальнікаў умовах надвор’я — найперш пры адпаведным кірунку ветру.

«Калі мы бачым, што шары рухаюцца ў бок аэрапорта, у кірунку ўзлётна-пасадачнай паласы або, скажам, проста ў той бок — тады прымаюцца адпаведныя рашэнні (аб прыпыненні працы аэрапортаў)», — патлумачыў Віткаўскас.

З-за пралётаў паветраных шароў праца аэрапортаў у Літве парушаецца ўжо трэція суткі запар; у адзін з дзён збоі закранулі і Ковенскі аэрапорт.

У панядзелак урадавая Камісія нацыянальнай бяспекі збярэцца, каб абмеркаваць сітуацыю.

У нядзелю міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч пасля сустрэчы з кіраўнікамі арміі і ведамстваў унутраных службаў заявіў, што структуры неадкладна прымуць новыя меры для папярэджання пагроз, звязаных з запускам кантрабандных шароў з Беларусі, аднак не стаў раскрываць іх змест з меркаванняў бяспекі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула