У новым падручніку па гісторыі для 11 класа замоўчваюць сталінскія рэпрэсіі і ўхваляюць вайну супраць Украіны
З гэтага навучальнага года беларускія адзінаццацікласнікі сталі вучыцца па новым падручніку — «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Яго першая частка з'явілася з пачатку восені, у гэтым месяцы Мінадукацыі апублікавала і другую. «Люстэрка» вывучыла гэта падручнік — журналісты жахнуліся. Навуковым кансультантам падручніка быў Ігар Марзалюк.
Прыводзім некаторыя моманты з разбору.
Вокладка падручніка для 11‑га класа «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» (Мінск, 2025). Крыніца: adu.by
Замоўчванне сталінскіх рэпрэсій
У новым падручніку шмат прапаганды, а некаторыя важныя факты ўтойваюцца. Напрыклад, палітычныя рэпрэсіі ў сталінскія часы. Гэта тэма ў другой частцы падручніка згадваецца толькі мімаходзь, у адной фразе: «У канцы 1940‑х стала відавочным вяртанне да палітычных метадаў 1930-х».
Па-першае, гэта няпраўда. Рэпрэсіі пры Сталіне былі перманентнымі, яны, пачаўшыся ў канцы 1920-х, не спыняліся ні да, ні пасля 1945 года. Напрыклад, адразу пасля вайны іх ахвярамі сталі ўдзельнікі беларускіх моладзевых арганізацый.
А па-другое, не расшыфроўваецца, пра якія «метады» ідзе гаворка. Гэты том падручніка пачынаецца з 1945 года, але і ў першай частцы пра іх не пішацца. Там гаворыцца толькі пра рэпрэсіўную палітыку польскіх уладаў у міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла тады ў склад Польшчы.
А вось пра масавыя рэпрэсіі ў БССР і ўсім СССР — ні слова. Адным абзацам расказваецца толькі пра калектывізацыю (працэс стварэння калгасаў), якая, як пішуць аўтары, «суправаджалася раскулачваннем часткі сялян».
«Кулакі — арганізатары буйных прыватных гаспадарак у вёсцы — падлягалі раскулачванню і адабранні ўсёй уласнасці. Аднак з-за самавольства мясцовых уладаў раскулачванню падвергліся многія сераднякі. Дзясяткі тысяч раскулачаных былі выселены ў Казахстан і Сібір, частка з іх загінула падчас гэтага перасялення», — гаворыцца ў першай частцы.
Гэта фактычна адзінае згадванне пра рэпрэсіўную палітыку СССР у Беларусі на абодва тамы падручніка. Пры гэтым нават тут аўтары дапаможніка перакладаюць адказнасць з партыйнага кіраўніцтва, якое стварыла гэтую сістэму, на радавых выканаўцаў («з-за самавольства мясцовых уладаў»). Падчас калектывізацыі з Беларусі былі выселены 15 724 сям'і — 73 415 чалавек.
У падручніку таксама прыніжаецца роля Вялікабрытаніі і ЗША ў Другой сусветнай вайне (і ў прынцыпе дэманізуецца Захад), чакана не згадваецца развіццё беларускага нацыянальнага руху, а распад СССР трактуецца як катастрофа.
Фрагмент падручніка для 11‑га класа «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» (Мінск, 2025). Крыніца: adu.by
Стары фэйк пра Лукашэнку
Больш за палову падручніка прысвечана падзеям пасля 1991 года. Гэтыя раздзелы ператвораны ў панегірык Аляксандру Лукашэнку. Паўтараецца стары фэйк пра тое, што ён адзіны галасаваў супраць Белавежскіх пагадненняў, хоць даўно вядома, што гэтым чалавекам быў Валерый Ціхіня.
Аўтары даходзяць да таго, што сцвярджаюць: «Рэальнае набыццё суверэнітэту, фарміраванне яго атрыбутаў, такіх як незалежная ўнутраная і знешняя палітыка, харчовая, ваенная і энергетычная бяспека, адбывалася з сярэдзіны 1990‑х гадоў і было звязана з увядзеннем інстытута прэзідэнцтва». Гэта значыць з 1991 па 1994 год наша краіна нібыта не была па-сапраўднаму незалежнай.
У рэальнасці ўсё было наадварот: Беларусь здабыла дэмакратычныя органы ўлады, зацвердзіла галоўную ролю беларускай мовы, гістарычныя дзяржсімвалы, наладзіла дыпламатычныя адносіны з усім светам, прыняла Канстытуцыю, пачала будаваць сваю рыначную эканоміку.
Дарэчы, аўтары, кажучы пра новыя дзяржсімвалы на пачатку 90-х, прымудраюцца нават не патлумачыць, што імі тады сталі нацыянальныя бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
Фота: LookByMedia
У падручніку ачарняюць масавыя мірныя пратэсты 2020 года, трактуючы іх як «спробу мяцяжу з мэтай захопу канстытуцыйнай улады» (са спасылкай на Лукашэнку).
Таксама абвінавачваюць Захад у гібрыднай вайне супраць Беларусі і Расіі, хваляць Пуціна,
ухваляюць анексію Крыма, стварэнне самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР», а таксама расійскую агрэсію супраць Украіны з 2022 года. Вінаватым у вайне называюць зноў жа Захад, які нібыта «свядома сарваў дыпламатычнае вырашэнне канфлікту, абнуліўшы міратворчыя намаганні Расіі, Беларусі, краін Глабальнага Поўдня і іншых суб'ектаў, зацікаўленых у міры ва Украіне».
Хто напісаў падручнік
Новы падручнік напісаў калектыў пад кіраўніцтвам Аляксандра Каханоўскага. З 2016 года ён з'яўляецца дэканам гістарычнага факультэта БДУ, удзельнічаў у адлічэнні студэнтаў па палітычных прычынах. Сярод аўтараў падручніка — сам Каханоўскі, а таксама чацвёра яго падначаленых — кіраўнікі кафедраў:
-
гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў — Сцяпан Цемушаў,
-
гісторыі Беларусі новага і навейшага часу — Ганна Маскевіч,
-
гісторыі новага і навейшага часу — Уладзімір Кошалеў,
-
крыніцазнаўства — Сяргей Ходзін.
Таксама сярод аўтараў Алена Мох, якая ўдзельнічала ў стварэнні падручнікаў пра генацыд, дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый Гомельскага дзяржуніверсітэта Мікалай Мязга і прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Полацкага дзяржуніверсітэта Алеся Корсак.
Навуковым кансультантам выступіў вядомы айчынны прапагандыст, гісторык Ігар Марзалюк.