БЕЛ Ł РУС

ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць Расіі і чакаюць актыўнасці ад Еўропы

27.10.2025 / 13:25

Nashaniva.com

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падрыхтавала дадатковы пакет санкцый, накіраваны на ключавыя сферы расійскай эканомікі, калі Уладзімір Пуцін не пачне спыняць вайну ва Украіне. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкаю на крыніцы ў Вашынгтоне.

Дональд Трамп. Фота: Win McNamee / Getty Images

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падрыхтавала дадатковыя санкцыі, якія яна можа выкарыстаць супраць ключавых сектараў расійскай эканомікі, калі прэзідэнт Уладзімір Пуцін працягне адкладаць спыненне вайны ва Украіне, піша выданне. 

Акрамя таго, амерыканскія чыноўнікі, згодна з выданнем, заявілі еўрапейскім калегам, што яны падтрымліваюць выкарыстанне ЕС замарожаных расійскіх актываў для куплі амерыканскай зброі для Кіева. Сам жа Вашынгтон, згодна з інфармацыяй Reuters, вёў унутраныя перамовы аб выкарыстанні расійскіх актываў, якія знаходзяцца ў ЗША, для падтрымкі ваенных намаганняў Украіны.

Сярод патэнцыйных новых захадаў, якія абмяркоўваюцца ў Белым доме, — меры па адключэнні ўсіх расійскіх банкаў ад доларавай сістэмы, а таксама санкцыі супраць інфраструктуры, якая выкарыстоўваецца для паставак нафты на рынак.

Гэтыя крокі могуць дапоўніць нядаўнія санкцыі, якія Трамп увёў супраць расійскіх нафтавых гігантаў «Лукойл» і «Раснафта», што ўжо прымусіла кітайскіх і індыйскіх пакупнікоў шукаць альтэрнатывы.

Хоць незразумела, ці сапраўды Вашынгтон ажыццявіць якія-небудзь з гэтых крокаў, гэта сведчыць, што ў ЗША ёсць добра распрацаваны набор інструментаў для далейшага павышэння ставак.

Пры гэтым, па словах амерыканскіх чыноўнікаў, Трамп хацеў бы, каб еўрапейскія краіны зрабілі наступны вялікі крок, напрыклад, увялі дадатковыя санкцыі або тарыфы.

Трамп, які пазіцыянуе сябе як сусветны міратворац, ужо прызнаў, што спыніць вайну ва Украіне аказалася складаней, чым ён чакаў.

У сувязі з гэтым ён адмяніў запланаваную сустрэчу з Пуціным у Будапешце, заявіўшы: «Я не збіраюся марнаваць свой час». Паводле яго заявы, ён не сустрэнецца з расійскім прэзідэнтам, пакуль не будзе бачнага шанцу на мірнае пагадненне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула