БЕЛ Ł РУС

У Парыжы пачаўся суд над людзьмі, якія сцвярджалі, што жонка прэзідэнта Францыі Брыжыт Макрон — трансгендар

28.10.2025 / 7:49

Nashaniva.com

10 падсудных абвінавачваюцца ў тым, што распаўсюджвалі ілжывую інфармацыю пра тое, што яна нібыта нарадзілася мужчынам, піша Бі-бі-сі.

Брыжыт Макрон. Фота: Stephanie Lecocq/Pool via AP

Акрамя таго, падсудныя, восем мужчын і дзве жанчыны ва ўзросце ад 41 да 65 гадоў, абвінавачваюцца ў паклёпніцкіх выказваннях адносна 24‑гадовай розніцы ва ўзросце паміж 72‑гадовай Брыжыт і 47‑гадовым Макронам.

Як паведамляе AFP са спасылкай на адваката Брыжыт Макрон, яна адсутнічала на першым паседжанні і не плануе з'яўляцца ў судзе. У аўторак, магчыма, паказанні дасць яе дачка, Ціфані Озье.

Сярод 10 падсудных — чыноўнік на выбарнай пасадзе, уладальнік галерэі, настаўнік і інтэрнэт-экстрасэнс, 51‑гадовая Дэльфін Ж., якая выступае ў інтэрнэце пад нікам Амандзін Руа.

Разам з іншай падсуднай, Наташай Рэй, якая называе сябе незалежнай журналісткай, у мінулым годзе яна ўжо была асуджана за паклёп на Брыжыт Макрон.

У 2021 годзе Амандзін Руа апублікавала ў YouTube размову з Наташай Рэй, у якой яны сцвярджалі, што ніякай Брыжыт Макрон першапачаткова не існавала, а насамрэч гэта яе брат, Жан-Мішэль Троньё, які змяніў пол.

Аднак затым Рэй і Руа выйгралі апеляцыю, і Брыжыт Макрон разам з братам абскарджваюць гэтае рашэнне апеляцыйнага суда.

Канспіралагічныя плёткі адносна таго, што Брыжыт Макрон — трансгендар, цыркулююць з 2017 года, з таго часу, як яе муж стаў прэзідэнтам Францыі.

Гэтыя ні на чым не заснаваныя сцвярджэнні сталі адносна папулярныя і ў пэўных колах у ЗША — там іх распаўсюджвала ў асноўным інфлюэнсер правага толку Кэндзіс Оўэнс.

Мінулым летам сямейная пара Макронаў падала пазоў супраць Оўэнс, заявіўшы, што тая ігнаруе ўсе доказы непраўдзівасці гэтых сцвярджэнняў і працягвае прадастаўляць трыбуну канспіролагам і паклёпнікам, якія заяўляюць гэтыя рэчы пра мадам Макрон.

Эмануэль Макрон казаў, што, падаўшы пазоў супраць Оўэнс, ён абараняе свой гонар, а Оўэнс, «служачы сваім ідэям і маючы вядомыя сувязі з праварадыкальнымі лідарамі», наўмысна распаўсюджвае хлусню, жадаючы прычыніць яму шкоду.

Адзін з дзесяці падсудных у Парыжы, Арэльян Пуарсон-Атлан, выдавец па роду заняткаў, вядомы ў сацсетках пад нікам «Zoe Sagan» і часта абвінавачваецца ў распаўсюджванні тэорый змовы, заявіў у панядзелак падчас перапынку ў судзе, што ён з памагатымі падвяргаецца «зваротнаму цкаванню».

Яго падтрымаў іншы падсудны, уладальнік галерэі Бертран С., які мае 100 тысяч фолавераў у сетцы X.

«Прэса паказвае нас праварадыкаламі, антысемітамі, канспіролагамі. І каго тут цкуюць?» — заявіў ён агенцтву AFP.

Брыжыт Макрон сустрэла свайго будучага мужа яшчэ школьнікам, у школе, дзе яна была настаўніцай. Яны пажаніліся ў 2007 годзе, калі Эмануэлю было 29 гадоў, а Брыжыт — 54 гады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула