Навуковец раскрыў таямніцу старажытнага ахвярнага каменя ў Мінскім раёне
Камень з рытуальнай чашай з'яўляецца часткай магутнага сакральнага комплексу, дзе продкі беларусаў шукалі абароны і дабрабыту.
Накіроўваючыся з Заслаўя ў бок Новага Поля, вы праедзеце праз вёску Тэйкі. Справа, на ўзвышшы каля могілак, стаіць нядаўна адноўленая энтузіястамі пахавальня Вішнеўскіх. А крыху ў баку, у цені дрэў каля краю пагоста, ляжыць куды больш старажытны артэфакт — велізарны валун з загадкавай круглай чашай.
Як высветлілася, гэта не проста камень, а рытуальны алтар балтаў. Пра яго «Прысталіцы» расказаў кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Скварчэўскі.
Камень з гісторыяй
Паглыбленне ў цэнтры валуна — гэта не след эрозіі, а рытуальная чаша. Такія камяні ствараліся з XII па XIV стагоддзе і ўшаноўваліся аж да XVIII стагоддзя.
Як лічаць гісторыкі, у чашу складалі шчодрыя і сімвалічныя дары багам: мёд (як сімвал салодкага жыцця), піва (як напой рытуалаў) або зерне для будучага ўраджаю і дабрабыту. У больш познія часы стала вядома, што ў чашу апускалі і манеты. І тут падчас археалагічных даследаванняў знайшлі такую за 1853 год.
Звычайна побач размяшчалася вогнішча. У Тэйках, як паказалі раскопкі, каля каменя гарэў агонь.
Месца сілы: паміж небам і ракой
Выбар месца для алтара не быў выпадковым. Узгорак каля могілак у старажытнасці лічыўся «мостам», які злучае свет жывых і мёртвых.
Гэта тлумачыцца тым, што там была асаблівая энергетыка, блізкасць да неба, якая рабіла любую малітву або ахвяру ў разы мацнейшай. А ля падножжа ўзгорка бярэ пачатак рака Чарнаруч, якая ў народных уяўленнях была дарогай у іншы свет. Так што тут, верагодна, знаходзіўся цэлы сакральны комплекс.
Самае дзіўнае ў гэтай гісторыі — тое, што памяць пра сілу гэтага месца жывая дагэтуль. На працягу стагоддзяў людзі, незалежна ад веры, прыходзілі сюды з аднымі і тымі ж просьбамі: «Абарані ад мору, дай здароўя сям'і і жывёле, забяспеч плённасць зямлі».
Пазней гэтую традыцыю перанялі хрысціяне — яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму сюды здзяйснялі паломніцтвы ў дзень святога Роха, абаронцы ад хвароб.
Такія камяні — частка агульнай традыцыі рэгіёна. У Літве і Латвіі іх вядома каля 60, у Беларусі — каля 15.