БЕЛ Ł РУС

Мяжа Беларусі і Літвы закрытая на месяц

29.10.2025 / 14:29

Nashaniva.com

Ні Каменны Лог, ні Беняконі не адкрыюцца.

Урад Літвы ў сераду прыняў рашэнне на месяц зачыніць памежныя пераходы «Меднікі» (Каменны Лог) і «Салечнікі» (Беняконі). Праўда, Медніцкі кантрольны пункт часткова будзе дзейнічаць з пэўнымі выключэннямі, паведамляе LRT.

Абмежаванні будуць дзейнічаць з сённяшняга дня да 30 лістапада, з магчымасцю іх падаўжэння.

Салечнікаўскі пункт будзе цалкам зачынены. У сваю чаргу, Медніцкі кантрольны пункт будзе зачынены з пэўнымі выключэннямі.

«Праз яго будзе дазволена перамяшчэнне дыпламатам, транзіт у Калінінград, грамадзянам, якія вяртаюцца ў Літву, грамадзянам Еўрапейскага саюза, краін НАТА і іх сем’ям. Асобам, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве. Застаецца і магчымасць гуманітарных праходаў, па якіх будзе прымаць рашэнні Служба аховы дзяржаўнай мяжы», — сказаў падчас пасяджэння ўрада міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.

Памежныя пункты зачыненыя з-за кантрабандных паветраных шароў, што ідуць у Літву з Беларусі, з-за якіх даводзіцца абмяжоўваць працу аэрапортаў. Лічыцца, што гэта можа быць сродкам ціску на суседнюю дзяржаву. На мінулым тыдні фіксаваліся чатыры выпадкі, што прыводзіла да закрыцця на нейкі час Віленскага аэрапорта і аднойчы аэрапорта ў Коўне.

«Мы лічым, што гэтыя змены павінны даслаць паведамленне нашаму не надта сяброўскаму суседу, які не прыкладае ніякіх намаганняў для вырашэння праблемы», — адзначыў міністр унутраных спраў Літвы.

Мяжу з Беларуссю Літва закрыла ў нядзелю вечарам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула