Для паветраных шароў з Беларусі ў Літву спрыяльны вецер дзьме 51 дзень у год
Кантрабандныя паветраныя шары з Беларусі запускаюцца, калі вецер накіроўвае іх у бок Віленскага аэрапорта, кажа прэм’ер Інгa Ругінене. Паводле даных Літоўскай гідраметэаралагічнай службы, для гэтага найбольш спрыяльны паўднёва-заходні вецер у Вільні дзьме прыкладна 51 дзень у год, часцей сустракаецца восенню і зімой, піша LRT.
Праўда, падчас спыненняў паветранага руху, што адбыліся мінулага тыдня ў сталіцы Літвы, фіксаваліся і ўсходнія, паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя вятры. Вятры ўсіх чатырох напрамкаў у Вільні на вышыні 10 метраў дзьмуць каля 54% усяго часу, гэта значыць ажно 197 дзён у год.
Аднак, як адзначае кіраўнік аддзела кліматалогіі Літоўскай гідраметэаралагічнай службы Данатас Валюкас, напрамак ветру каля зямлі і на вышыні некалькіх кіламетраў, дзе ляцяць шары, супадае не заўсёды.
«Звычайна на розных вышынях напрамкі збольшага адпавядаюць таму, што бліжэй да зямлі, але не заўсёды адзін да аднаго. Сітуацыя можа быць і зусім процілеглая. Вядома, ім, магчыма, поўная дакладнасць і не патрэбна. Ім галоўнае — каб шары трапілі на тэрыторыю Літвы.
Дарэчы, кожны чалавек можа заўважыць тыя даволі рэдкія выпадкі, калі вецер дзьме і дрэвы хіляцца ў адзін бок, а падняўшы вочы ў неба, бачыш, што воблакі рухаюцца ў іншы бок», — растлумачыў ён LRT.lt.
У Вільні найбольш частыя паўднёвыя і заходнія вятры.
Паводле даных, прыведзеных у выданні Літоўскай гідраметэаралагічнай службы 2023 года «Кліматычны атлас Літвы 1991—2020 гг.», у Вільні пераважаюць паўднёвыя і заходнія вятры. 19% усяго часу, калі дзьме вецер, ён мае паўднёвы напрамак, 17% — заходні, 15% — паўднёва-ўсходні, па 14% — паўднёва-заходні і паўночна-заходні. Найменш частыя — паўночныя (9%), паўночна-ўсходнія і ўсходнія вятры (па 6%). Каля 5% усяго часу ў Вільні фіксуецца зацішша, гэта значыць штыль або слабы вецер, не мацнейшы за 0,5 метра ў секунду.
У выданні тлумачыцца, што паўднёвых напрамкаў вятры ў Літве часцей бываюць узімку, калі атмасферная цыркуляцыя перабудоўваецца на халодны перыяд і актывізуецца Сібірскі антыцыклон.
Увесну колькасць паўднёвых вятроў пачынае змяншацца, а паўночных — павялічвацца. У сакавіку і красавіку яшчэ даволі частыя ўсходнія і паўднёва-ўсходнія вятры.
«Улетку дамінуюць заходнія вятры, аднак павялічваецца і колькасць паўночных (асабліва паўночна-заходніх) вятроў. Рэдкімі становяцца ўсходнія, паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя вятры», — адзначаецца ў выданні.
Увосень вятры зноў вяртаюцца да тыповых для халоднага перыяду напрамкаў: колькасць паўночных і паўночна-ўсходніх вятроў змяншаецца, а паўднёвых, паўднёва-заходніх і паўднёва-ўсходніх — павялічваецца. Хаця заходнія вятры крыху радзеюць, але з-за дамінуючага заходняга пераносу яны ўсё адно застаюцца частымі.