Нецікавая праца горшая за перагрузкі, даказалі навукоўцы
Занадта малы стрэс на працы такі ж шкодны для здароўя, як і занадта вялікі. Даследчыкі папярэджваюць аб сіндроме «выгарання ад нуды».
Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia
На першы погляд, клас: проста нічога не рабіць у працоўны час, гадзінамі сядзець у стралялках замест таго, каб бегаць, лётаць, сядзець да ночы. На першы погляд, кайф: працаваць павольна, не напружваючыся, і пры гэтым мець добрыя грошы. Аднак не спяшайцеся марыць аб такой працы.
Як піша Die Welt, у доўгатэрміновай перспектыве недахоп выклікаў і стрэсу на працы можа быць такім жа шкодным для здароўя, як і іх перабор.
Гэтая з’ява мае назву «выгаранне ад нуды» (bore-out, ад англ. to be bored — сумаваць, нудзіцца) і з’яўляецца супрацьлегласцю «эмацыйнаму выгаранню» (burn-out). Гэта стан, калі чалавек выгарае ад нуды і недастатковай нагрузкі.
Сімптомы выгарання ад нуды
Сіндром атрымаў сваю назву ў 2007 годзе дзякуючы кнізе «Diagnose Boreout», якую напісалі два швейцарскія бізнэс-кансультанты — Пітэр Вердэр і Філіп Ротлін. Аднак яшчэ раней, у 1991 годзе, амерыканскі выкладчык Бары А. Фарбэр апісаў падобную з’яву пад назвай «выгаранне праз недастатковасць выклікаў» (underchallenged burnout).
Сімптомы выгарання ад нуды падобныя да тых, што праяўляюцца пры эмацыйным выгаранні: чалавек адчувае, што не можа як след аднавіць сілы, усё больш унутрана аддаляецца ад працы, становіцца цынічным, хоць гэта не ўласціва яго характару. Пры гэтым падобныя адчуванні ўзнікаюць не толькі ўдзень, калі праца не прыносіць задавальнення, але і ў пазапрацоўны час.
Як адзначае адзін з аўтараў кнігі, Пітэр Вердэр, асабліва небяспечнае выгаранне ад нуды тым, што яго наступствы праяўляюцца пасля працы.
Сімптомы гэтага стану не знікаюць, калі чалавек выходзіць з офіса, іх немагчыма адключыць па жаданні. Да таго ж многія нават не ўсведамляюць, што вечаровая непрыемная слабасць, адсутнасць жадання нешта рабіць, раздражнёнасць, стомленасць і замкнёнасць могуць быць непасрэдна звязаныя з працай.
Роля асабістых амбіцый
Псіхіятр і неўролаг Ёрг Вальштайн у інтэрв'ю выданню адзначае, што пачуццё пастаяннай недастатковай загрузкі залежыць не толькі ад працоўных умоў, але і ад асабістых амбіцый і стаўлення.
«Ёсць людзі, якім проста вельмі хутка становіцца сумна, яны ўвесь час хочуць актыўнасці», — тлумачыць ён. Ім па натуры падабаецца рабіць шмат спраў адначасова. Калі гэта немагчыма, яны адчуваюць недахоп выклікаў, брак нагрузкі ўжо на тым этапе, дзе іншыя не ўспрымаюць гэтага як праблему.
З другога боку, ёсць людзі, якія зусім не імкнуцца выкладацца на працы. Яны проста хочуць выглядаць крыху важнымі, а ў астатнім проста займаюцца сваімі справамі. І такія людзі, па словах эксперта, ад нуды не захварэюць.
Самападман на працы і зоны рызыкі
Асабліва небяспечнымі лічацца сферы працы, дзе мала кантактаў з калегамі, з людзьмі, у тым ліку і пры працы з дому, анлайнавай, аддаленай.
Людзі, якіх гэта закранае, часта не могуць або не адважваюцца адкрыта выказаць сваю незадаволенасць, і таму іх стан застаецца незаўважаным. Яны пачынаюць упарадкоўваць тое, што не патрабуе ўпарадкавання, ці займаюцца абсалютна бессэнсоўнымі справамі — толькі б стварыць уражанне, што яны занятыя і загружаныя.
Паступова сітуацыя горшае. Як тлумачыць Вальштайн, такія людзі адчуваюць сябе бездапаможнымі і не ведаюць, як выйсці з сітуацыі або зноў знайсці сэнс у жыцці, у рабоце. Парадокс у тым, што, хоць працы ў іх мала або яна пустая, яны адчуваюць стрэс. У крайніх выпадках гэта можа прывесці нават да дэпрэсіі або іншых псіхічных разладаў.
Многія людзі, якія пакутуюць ад гэтай праблемы, у нейкі момант здаюцца. Яны ведаюць, наколькі цяжкі для іх гэты стан, але пераконваюць сябе, што ўсё ў парадку, бо яны рэгулярна атрымліваюць заробак, маюць добры ўзровень жыцця і выдатна адпачываюць. Аднак урэшце яны падманваюць саміх сябе, і ў доўгатэрміновай перспектыве гэта не спрацуе.
Што рабіць, калі ў цябе выгаранне ад нуды?
На думку Вальштайна, у такіх выпадках найлепш змяніць працу.
Часам можа дапамагчы размова з працадаўцам. Калі кіраўнік ўсвядоміць, што супрацоўнік прагне больш змястоўных і разнастайных задач, магчымасцей для развіцця або проста большага прызнання, важны крок ужо зроблены.
Людзі хочуць, каб іх цанілі, любілі за тое, што яны робяць, адзначае эксперт. Для гэтага не заўсёды патрэбны вялікія грошы; часта дастаткова простай удзячнасці, элементарнага «дзякуй».
Важна, каб супрацоўнік прыйшоў на такую размову з уласнымі ідэямі: што яму патрэбна для прафесійнага развіцця і што яшчэ для яго мае сапраўднае значэнне.
Чытайце таксама:
Якая адна рыса робіць менеджара выдатным? Адказ вас здзівіць
Шэсць спосабаў, як пакаленне Z псуе працу ўсім астатнім
Пад’ём а 4‑й раніцы — новы трэнд: аскеза і культ працаздольнасці адначасова