Літва падала ЕС прапановы па новых санкцыях супраць Беларусі
Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва ўжо накіравала Еўрапейскай камісіі прапановы аб увядзенні новых санкцый супраць Беларусі. Краіна дамагаецца новых мер у адказ на пагрозы, створаныя кантрабанднымі метэаралагічнымі шарамі, якія прылятаюць з тэрыторыі Беларусі, піша LRT.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Фота: urm.lt
Па словах міністра, прапановы ўключаюць як ідэі, датычныя так званага санкцыйнага рэжыму (увядзення абмежаванняў), так і канкрэтных асоб, супраць якіх гэтыя санкцыі маглі б быць прыменены.
«Літва ўжо прадставіла Еўрапейскай камісіі свае прапановы аб далейшым развіцці сітуацыі», — сказаў Будрыс у эфіры радыёстанцыі Žinių radijas у чацвер.
«Спадзяюся, што да наступнага пасяджэння Савета ЕС (яно адбудзецца ў канцы лістапада) у нас будзе дасягнуты прагрэс», — дадаў ён.
Па словах кіраўніка літоўскай дыпламатыі, важна, каб новыя санкцыі мелі дакладнае прававое абгрунтаванне, бо многія рашэнні ЕС па абмежавальных мерах часта абскарджваюцца ў судах.
«Літва ведае, як гэта рабіць, і мы імкнёмся да таго, каб усё было зроблена належным чынам», — падкрэсліў міністр.
У канцы кастрычніка з-за метэаралагічных шароў, якія выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі кантрабандных цыгарэт, у Літве чатыры разы часова закрываліся аэрапорты.
У адказ на гэта Літва закрыла два памежных пунктаў з Беларуссю.