БЕЛ Ł РУС

У інтэрнэт злілі перапіску Кавалеўскага і Ціханоўскай. Але канцоў не знайсці

30.10.2025 / 19:59

Nashaniva.com

У злітых лістах абмяркоўваецца праект пашпарта Новай Беларусі.

Скрыншот: thegrayzone.com

Артыкул са злівамі апублікавала амерыканскае крайне левае выданне The Grayzone. За ім раней былі заўважаны палітычная прадузятасць, распаўсюд прарасійскай прапаганды і канспіралогіі.

Частка з апублікаванай у артыкуле інфармацыі даступна публічна. Асноўны зліў — перапіска Святланы Ціханоўскай і Валера Кавалеўскага наконт праекта пашпарта Новай Беларусі. Кавалеўскі адказваў за праект, пакуль займаў пасаду намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і прадстаўніка па замежных справах.

Валер Кавалеўскі і Святлана Ціханоўская. Злева ўдалечыні Дзяніс Кучынскі

Артыкул апісвае падзеі чэрвеня 2024 года — напярэдадні літоўскае прадпрыемства, якое працавала над праектам пашпарта Новай Беларусі, абвінавацілі ў сувязі з кашальком Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым. У злітым ліставанні Кавалеўскі выказвае палёгку — маўляў, пашанцавала, што гэты скандал здарыўся да пачатку друку пашпартоў і ўказвае на іншыя памылкі ў праекце.

Згадваецца таксама, што «ісландцы далі задні ход» пэўным дамоўленасцям па пашпарце.

Святлана Ціханоўская дала Кавалеўскаму зразумець, што асобных грошай на пашпарт прадугледжана не было, што выклікала ў апошняга непаразуменне. Па выніку Ціханоўская даводзіць, што ў няўдачах з праектам вінаваты Кавалеўскі, які карміў беларусаў абяцаннямі, пры гэтым не стварыў патрэбную інфраструктуру і не запусціў народны краўдфандынг, перш чым арганізоўваць выраб дакумента.

Кавалеўскі не згаджаецца і адзначае, што ён нават не быў пагружаны ва ўсе справы і фінансы, хаця быў адказным куратарам. Ён ставіць умову вярнуць яму ўсе паўнамоцтвы кіраўніка, інакш абяцае пакінуць пасаду — па выніку так і здараецца.

Скрыншот: thegrayzone.com

Да матэрыялу The Grayzone далучае спасылку з прамымі цытатамі з перапіскі (там прыводзіцца тэкст паведамленняў, а не самі скрыншоты).

У каментары «Нашай Ніве» Валер Кавалеўскі пацвердзіў арыгінальнасць цытат з ліставання, але адзначыў, што пасля сыходу з АПК не кантраляваў пошту:

«Я нікому нічога з пошты не перадаваў. Доступ да маёй былой пошты ёсць толькі ў АПК».

У Офісе Ціханоўскай адзначылі, што ўзлому іх пошты не было.

Прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета таксама адмаўляе зліў са свайго боку:

«У Кабінеце праведзена паглыбленая праверка, і мы можам цвёрда заявіць: бяспека службовай пошты АПК надзейна забяспечана праграмнымі і апаратнымі сродкамі. Адпаведна, ніхто не меў несанкцыянаванага доступу да электроннай паштовай скрынi прадстаўніка АПК па міжнародных справах з моманту яе стварэння.

Прыведзеная ў артыкуле выдання The Grayzone перапіска адбывалася 1‑3 чэрвеня 2024 года. 26 чэрвеня 2024 года Валер Кавалеўскі абвясціў пра сваю адстаўку. Тэхнічна доступ да пошты захоўваўся за ім на тэрмін, неабходны для перадачы спраў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула