БЕЛ Ł РУС

Беларусь забяспечвае тэхнічнае абслугоўванне элементаў расійскіх стратэгічных ядзерных сіл — «Белпол»

30.10.2025 / 20:49

Nashaniva.com

Па інфармацыі, якую атрымаў «Белпол», прадпрыемства холдынгу «Амкадор» удзельнічае ў рамонце і тэхнічным абслугоўванні апаратуры шахтавых ракетных комплексаў, якія выкарыстоўваюцца Расіяй у сістэме міжкантынентальных ракет «Сатана» і «Авангард».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: РИА-Новости

У сваім новым расследаванні «Белпол» дзеліцца новымі падрабязнасцямі мілітарызацыі беларускай эканомікі. Расследавальнікі звяртаюць асаблівую ўвагу на ўнітарнае прадпрыемства СВТ, якім валодае «Амкадор-Белвар» і якое ўваходзіць у склад холдынгу «Амкадор».

Раней было вядома, што прадпрыемства ўжо некалькі гадоў займаецца распрацоўкай вайсковых праектаў, у тым ліку беспілотніка пад шыфрам «Свіслач-СВТ» і сістэмы навядзення артылерыйскага агню «Вартавы».

Новыя даныя сведчаць, што ўдзел УП СВТ у расійскіх абаронных праграмах значна шырэйшы.

Холдынг «Амкадор». Скрын відэа osbbelpol / YouTube

Паводле дакладу Групы 1281 вайсковага прадстаўніцтва Міністэрства абароны Расіі, які трапіў у распараджэнне «Белпола», прадпрыемства выконвала кантракты ў межах дзяржаўнага абароннага заказу 2023 года, у тым ліку рамантавала і абслугоўвала прыборы, якія выкарыстоўваюцца для кантролю расходу паліва ў вайсковай тэхніцы.

Акрамя таго, УП СВТ займалася рамонтам апаратуры, што ўваходзіць у сістэмы кіравання савецкіх шахтавых ракетных комплексаў П-135 і П-118.

Комплекс П-118 (15П118) — гэта стратэгічная ракетная сістэма з міжкантынентальнай ракетай Р-36М УТТХ, вядомай пад назвай «Сатана», здольнай несці тэрмаядзерны зарад. Хоць гэты від узбраення мусіў быць зняты з баявога дзяжурства, Расія працягвае яго эксплуатацыю.

Комплекс П-135 (15П135) таксама адносіцца да міжкантынентальных балістычных ракет шахтавага базавання, якія ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў якасці носьбітаў кіраваных баявых блокаў у комплексе «Авангард». Ва ўсіх гэтых сістэмах беларускія кампаненты і сэрвіснае абслугоўванне адыгрываюць істотную ролю.

Комплекс П-135 (15П135). Фота: belpol.pro

Перавозку такіх грузаў у Расію ажыццяўляе дзяржаўнае прадпрыемства РУП «Спецсувязь», якое ўжо фігуравала ў ранейшых расследаваннях «Белпола» як структура, што дапамагае абыходзіць санкцыі, у тым ліку пры пастаўках расійскіх алмазаў.

«Белпол» падкрэслівае, што гаворка ідзе не пра дапамогу Расіі ў агульнавайсковай вытворчасці, а пра прамое ўцягванне беларускага прадпрыемства ў тэхнічнае абслугоўванне элементаў расійскіх стратэгічных ядзерных сіл. Гэта ўпершыню пацверджана афіцыйнымі расійскімі дакументамі, якія трапілі ў распараджэнне аналітыкаў.

Чытайце таксама:

«Амкадор» пачынае вырабляць зброю — што вядома пра комплекс «Вартавы» і беспілотнік «Свіслач»

Як Лукашэнка дапамагае Расіі гандляваць алмазамі ў абыход санкцый — новае расследаванне «Белпол»

Лукашэнка будуе сакрэтны завод па вытворчасці дронаў у Мінску

Каментары да артыкула