Ва Украіне заявілі, што знішчылі адзін расійскі «Арэшнік» проста на палігоне
Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк паведаміў, што ўкраінскія спецслужбы знішчылі расійскую ракету «Арэшнік» на палігоне Капусцін Яр у Астраханскай вобласці. Паводле яго слоў, аперацыя, якая адбылася летам 2023 года, была сумеснай дзейнасцю СБУ, Галоўнага ўпраўлення разведкі і Службы знешняй разведкі Украіны. Малюк адзначыў, што аперацыя прайшла паспяхова, але пра яе ведалі толькі кіраўніцтва Украіны і некалькі замежных лідараў.
Фота: Omar Zaghloul/Anadolu via Getty Images
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы словы Малюка, паведаміў, што ў Расіі на той момант было тры ракеты «Арэшнік». Адна з іх пазней была выкарыстаная для ўдару па днепрапятроўскім заводзе «Поўдзеньмаш» у лістападзе 2024 года.
Кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны Алег Івашчанка дадаў, што ў 2025 годзе Расія магла вырабіць яшчэ тры такія ракеты і плануе выпускаць да шасці штогод.
Зяленскі таксама звярнуў увагу, што Масква мае намер размясціць «Арэшнікі» ў Беларусі. Паводле яго слоў, радыус дзеяння гэтых ракет каля пяці тысяч кіламетраў, таму краіны Усходняй Еўропы павінны быць асабліва ўважлівымі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін раней заяўляў, што «Арэшнік» быў выкарыстаны ў няядзерным варыянце як адказ на ўдары ўкраінскіх войскаў па расійскай тэрыторыі з выкарыстаннем заходніх ракет ATACMS і Storm Shadow.
У ЗША і Вялікабрытаніі мяркуюць, што «Арэшнік» з’яўляецца мадыфікаванай версіяй міжкантынентальнай ракеты РС-26 «Рубеж». У той жа час ёсць меркаванне, што інфармацыйная кампанія вакол гэтай ракеты была часткай прапаганды Крамля, мэтай якой было запалохванне Захаду.
Чытайце таксама:
«Арэшнік» паставяць на баявое дзяжурства ў Беларусі ў снежні
Пуцін заявіў аб серыйнай вытворчасці «Арэшніка»
Расія не можа рабіць «Арэшнік» без заходніх тэхналогій
Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»