Канапацкая заклікала пакараць Ярмошыну за фальсіфікацыю выбараў 2020 года
«Народ павінен ведаць праўду!» Ганна Канапацкая нечакана абвінаваціла былую кіраўніцу ЦВК Лідзію Ярмошыну ў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Праўда, ёсць нюанс.
Ганна Канапацкая. Фота з яе сацсетак
«Вельмі мне ўсё ж такі хочацца разабрацца, а рабіць гэта неабходна ўжо сёння ў інтарэсах будучай дэмакратычнай Беларусі, якім такім чароўным чынам тагачасная кіраўніца ЦВК РБ запалала любоўю да мікашэвіцкай прайдзісветкі і з сур'ёзнымі парушэннямі заканадаўства РБ у знакавым 2020 годзе спачатку зарэгістравала яе ініцыятыўную групу, затым, з такімі ж парушэннямі, яе саму — кандыдатам у прэзідэнты, а пасля — не давала нікому адкрыць рота на супрацьзаконны «чос па Беларусі» тройцы ашалелых ад беспакаранасці самазванак-экстрэмістак на этапе агітацыі і галасавання», — піша Канапацкая.
«Хопіць займацца закуліснымі гульнямі, народ павінен ведаць праўду!» — дадае яна.
Канапацкая абяцае арганізаваць у найбліжэйшы час «працэс па дэлегітымізацыі Ціханоўскай як незаконна зарэгістраванага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2020 годзе з наступным патрабаваннем ва ўстаноўленым парадку ўнесці ў іх вынікі змены з прыцягненнем вінаватых асоб да прадугледжанай Законам адказнасці».
Спачатку яна абяцае пайсці ў Генпракуратуру, а потым у Вярхоўны суд «з іскам па ануляванні рэгістрацыі Ціханоўскай і яе 10% выніку на выбарах 2020 года».
«Не даюць збеглыя самазванцы перавярнуць старонку, як прапануе ім дзейная ўлада, пасінелымі пальцамі чапляюцца за рэшткі свайго «ўмоўна легітымнага» статусу 2020 года. Ну што ж, тады давядзецца гэтую старонку перапісаць і адрэдагаваць», — напісала Канапацкая.