Трамп сказаў, за каго галасаваць на выбарах мэра Нью-Ёрка, інакш парэжа гораду фінансаванне
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў абмежаваць федэральнае фінансаванне Нью-Ёрка, калі кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Зохран Мамдані пераможа на выбарах мэра, якія пройдуць у аўторак. Трамп заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за былога губернатара штата Нью-Ёрк Эндру Куома, піша ВВС.
Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Зохран Мамдані. Фота: Hiroko Masuike / The New York Times via AP, Pool
Куома — член Дэмакратычнай партыі, на выбарах мэра Нью-Ёрка ён выступае як незалежны кандыдат пасля таго, як саступіў Мамдані на праймерыз Дэмпартыі. Апытанні паказваюць, што Мамдані апярэджвае Куома.
«Ці падабаецца вам Эндру Куома, ці не, у вас, па сутнасці, няма выбару. Вы мусіце галасаваць за яго і спадзявацца, што ён бліскуча справіцца са сваёй працай. Ён на гэта здольны, а Мамдані — не!» — напісаў Трамп у Truth Social.
Рэспубліканцы крытыкавалі кандыдатуру Мамдані цягам усёй кампаніі, а Трамп называў яго камуністам.
У чэрвені 34‑гадовы палітык уразіў палітычных аглядальнікаў пераканаўчай перамогай на праймерыз.
Праграма Мамдані ўключае павышэнне падаткаў для самых багатых жыхароў Нью-Ёрка, замарозку арэндных ставак і павелічэнне дзяржаўных субсідый на жыллё.
«Я б палічыў лепшым убачыць перамогу дэмакрата, які мае за плячыма паспяховую гісторыю, чым камуніста без досведу», — заявіў Трамп.
Ён папярэдзіў: «Крайне малаімаверна, што я буду выдзяляць федэральныя сродкі, за выключэннем самага неабходнага мінімуму».