БЕЛ Ł РУС

Мінчук вырашыў палепшыць крэдытную гісторыю і ўзяў дзевяць растэрміновак. Цяпер увесь у даўгах

4.11.2025 / 9:6

Nashaniva.com

Андрэй узяў некалькі растэрміновак, каб абнавіць тэхніку і заадно палепшыць крэдытную гісторыю, бо ўжо задумваўся аб куплі кватэры ў сталіцы. Добры заробак дазваляў своечасова плаціць па дзевяці крэдытах адначасова. Але праз паўгода непрадбачаныя абставіны ўсё змянілі, і жыццё героя рэзка пайшло пад адхон.

Так ён з аўто перасеў на метро, застаўся без сувязі і інтэрнэту, схуднеў на дзесяць кілаграмаў. У дадатак да ўсяго ад яго сышла дзяўчына, а на адзіную кватэру быў накладзены арышт. У чым менавіта пралічыўся беларус, чытайце ў матэрыяле Onliner.

«Мог бы сабраць, але чакаць не хацелася». Вынік — дзевяць крэдытаў на 40 тысяч рублёў

Два гады таму жыццё Андрэя (імя змененае) выглядала цалкам устойліва. Мужчына працаваў у продажах, атрымліваў высокі заробак (каля 7 тыс. рублёў) і мог дазволіць сабе амаль усё, што хацеў. Ён не траціў грошы на азартныя гульні, вопратку ці вечныя пасядзелкі ў барах. У яго была іншая слабасць — гаджэты.

— Я ніколі не гуляў у аўтаматы, не піў, не траціў грошы на лухту, але часам раблю неабдуманыя пакупкі тэхнікі: напрыклад, новага смартфона, гадзінніка, ноўтбука ці тэлевізара. Я проста люблю камфорт, калі ўсё новае і сучаснае. Так як заробак дазваляў, два гады таму я вырашыў абнавіць дома частку электронікі.

Увогуле, спярша ўзяў адзін крэдыт на iPhone, потым яшчэ адзін на тэлевізар, затым абнавіў ноўтбук і гэтак далей.

На ўсе гэтыя рэчы я мог бы сабраць і купіць іх праз нейкі час, але чакаць мне тады не хацелася. Таму вырашыў браць адразу ўсё ў крэдыт.

— Так у мяне адначасова з'явілася дзевяць крэдытаў на 40 тысяч рублёў, а сумарны штомесячны плацеж па іх выходзіў каля 1800 рублёў.

Зарабляю я добра, і такі плацеж не быў для мяне праблемай. Нічога страшнага ў такой колькасці крэдытаў я не бачыў — нават наадварот, шукаў плюсы. Бо калі я закрыю ўсё ў тэрмін, такім чынам палепшу сваю крэдытную гісторыю, а значыць, у банкаў будзе больш даверу да мяне. Тады я думаў, што цалкам лагічна ўзяць некалькі тавараў у растэрміноўку і аплаціць іх своечасова, каб у будучыні банкі далі мне крэдыт на жыллё.

Я дакладна не думаў, што вось так на роўным месцы нешта пойдзе не паводле плану.

Паўгода ўсё ішло спакойна, Андрэй спраўна плаціў па ўсіх крэдытах. Аднак на працы рэзка ўпалі продажы, заробак знізіўся, і пайшлі першыя пратэрміноўкі плацяжу. Крэдытная гісторыя стала псавацца, але гэта былі толькі кветачкі.

— Два, можа, тры месяцы мне не ўдавалася нармальна зарабляць. Я ж у продажах, дзе ўсё залежыць ад здзелак — калі няма продажаў, няма і бонусаў, заробак падае амаль удвая. Плюс захварэла бабуля, ёй патрабаваліся грошы на лячэнне, і частка заробку сыходзіла туды. Усё, як назло, здарылася ў адзін момант, і я проста не выцягнуў плацяжы па крэдытах.

Банкі хутка заўважылі затрымкі. Званкі пачаліся ўжо праз тыдзень пасля першай пратэрміноўкі, кожны дзень па некалькі разоў. Я нікога не пазбягаў, заўсёды падымаў слухаўку. Тлумачыў, што ў мяне часовыя цяжкасці, што трэба літаральна пару месяцаў, прасіў адтэрміноўку, аформіць крэдытныя канікулы, перагледзець графік плацяжоў. Але кожная размова заканчвалася аднолькава: нічога зрабіць не можам, плаціце.

Разумеючы, што фінансавая нагрузка вырасла, я вырашыў зрабіць рэфінансаванне: аб'яднаць усе растэрміноўкі і крэдыты ў адзін і падоўжыць тэрмін, каб знізіць штомесячны плацеж. Заробак жа ў мяне ўсё роўна будзе добры, я ведаў, што здолею плаціць, толькі мне патрэбны быў час. Аднак праз штрафы за перавышэнне хуткасці мне адмовілі ў рэфінансаванні.

«Я як быццам адкаціўся на дзесяць гадоў назад»

Пасля двух месяцаў пратэрміноўкі банкі перасталі тэлефанаваць — спагнанне доўгу перайшло ў наступную стадыю. Андрэю паведамілі, што яго запазычанасць перададзеная ў аддзел прымусовага выканання (АПВ). З гэтага моманту мець зносіны ён стаў ужо не з банкамі, а з дзяржаўнымі выканаўцамі (у рэдакцыі ёсць пацвярджальныя дакументы).

— Калі пачаліся ўтрыманні і арышты, я думаў, што гэта ненадоўга. Ну, месяц прыйдзецца пацярпець, максімум два. Тады я яшчэ не разумеў, як усё гэта працуе.

Здавалася, што АПВ проста будзе ўтрымліваць частку заробку, але потым пачаліся абмежаванні, званкі, паперы, і жыццё проста перакулілася.

Машыну арыштавалі амаль адразу. На ёй я ездзіў да кліентаў, вазіў узоры, інструменты, а цяпер яна стаіць пад акном, ужо ўся пылам пакрылася. Ездзіць на ёй таксама нельга, бо дзейнічае забарона на кіраванне. Калі не паслухаюся, сяду за руль і мяне спыняць супрацоўнікі ДАІ, то машыну забяруць на штрафстаянку, а гэта дарагое задавальненне. Я пытаўся ў выканаўцаў, ці можна мне прадаць яе і закрыць даўгі, але мне сказалі, што сам я зрабіць гэтага не магу, толькі праз аўкцыён. А калі будзе гэты аўкцыён і па якой цане яе прададуць, ніхто не ведае.

Праз забарону на кіраванне я цяпер кожны дзень дабіраюся на працу на метро і аўтобусах. Раней гэта займала хвілін 25, цяпер — гадзіну з лішнім у адзін бок. Прыходзіцца ўставаць на гадзіну раней — калі да ўсёй гэтай эпапеі з крэдытамі выходзіў на працу а восьмай раніцы, то цяпер — а сёмай. Дадому прыязджаю каля дзявятай вечара. Калі ж мне для заключэння здзелкі або ў асабістых справах трэба ехаць у іншы горад, я саджуся на маршрутку ці электрычку, што таксама забірае кучу часу.

Таксама арыштавалі і маю кватэру, якая знаходзіцца ў абласным цэнтры. Я як быццам адкаціўся на дзесяць гадоў назад.

Затым хлопцу заблакавалі мабільную сувязь і інтэрнэт.

— Мне проста выключылі ўсё: сувязь, інтэрнэт, нават хатні тэлефон бабулі, ляжачай старой жанчыны, аказаўся пад забаронай. Прыйшлося асабіста ездзіць у АПВ і тлумачыць сітуацыю, каб аднавіць хоць бы гэты нумар. Начальніца пайшла насустрач і зняла гэтую забарону.

Калі на фірму, дзе я працаваў, сталі паступаць званкі і лісты ад АПВ, мне стала сорамна выходзіць на працу. Яны тэлефанавалі на агульны нумар, прыходзілі нейкія паведамленні дырэктару, і з часам увесь калектыў ведаў, што ў мяне праблемы. Самае смешнае, што на працы я часта даваў фінансавыя парады калегам, а тут аказалася, што сам у даўгах. Супрацоўнікі пачалі шушукацца, дырэктар ужо глядзеў на мяне з недаверам, бо баяўся, што я прадам здзелкі канкурэнтам. Таму мне прыйшлося сысці.

На новую працу я ўладкаваўся праз месяц. Адразу распавёў наймальніку, што ёсць праблемы з АПВ. Яго гэта не збянтэжыла, і на працы стала спакайней. Заробак выходзіць прыкладна як два сярэднія па Мінску.

Даўгі паўплывалі і на здароўе. Першы час я пастаянна нерваваўся, прачынаўся а другой гадзіне ночы, ляжаў да раніцы і думаў, дзе ўзяць грошы. Апетыт таксама знік, за ўвесь час, што ў мяне вісіць доўг, я схуднеў на 10 кілаграмаў. Часам проста на працы сэрца пачынае калаціцца, у грудзях пячэ, рукі пачынаюць дрыжаць. Трэба выходзіць на вуліцу, каб падыхаць свежым паветрам. Я звяртаўся да дактароў, рабіў ЭКГ, правяраўся — сказалі, што гэта ўсё праз стрэс. Добра, што ў мяне была медыцынская страхоўка ад працы, інакш я б проста не пацягнуў усе гэтыя аналізы і абследаванні.

Да псіхолага я не хадзіў. Хацеў, але дорага. Ды і неяк не верыў, што размовы дапамогуць палепшыць сітуацыю.

«Цяпер на кватэру прыйдзецца збіраць самому»

— А не было думкі проста прадаць тэхніку, якую бралі ў растэрміноўку, каб хутчэй закрыць даўгі? Ці, можа, папрасіць заняць грошай у сяброў, пакуль не выберацеся?

— У гэтым няма сэнсу. Тэхніка вельмі хутка губляе ў цане. Тое, што я купляў за тысячу долараў, цяпер каштуе ўдвая менш. А ў сяброў займаць — не, я так не магу. Не хачу, каб хтосьці потым думаў, што я нешта не вярну ці жыву за чужы кошт. Я ж не прапіваю грошы, я працую, проста трапіў у такую непрыемную сітуацыю. Таму дапамогі ні ў каго не прасіў.

Да ўсёй гэтай гісторыі з крэдытамі я сустракаўся з дзяўчынай. Мы амаль пяць гадоў жылі разам, усё было добра. Але ўсе гэтыя званкі, банкі, абмежаванні, сваркі, канфлікты — нас проста зламала. Я стаў раздражняльным, пастаянна думаў толькі пра гэтыя даўгі, пра грошы. Яна не разумела, чаму я ўвесь час злы, маўклівы, нікуды не хачу ісці. У выніку мы вырашылі расстацца. Цяпер я якраз ад яе з'язджаю.

— Якія ўрокі для сябе вынеслі?

— Ва ўсёй гэтай сітуацыі вінаваты я са сваім жаданнем атрымаць усё тут і цяпер. Больш я не збіраюся браць крэдыты, хоць, хутчэй за ўсё, мне іх і не дадуць. Да пакупак буду падыходзіць зусім інакш, тым больш што для камфортнага жыцця ў мяне ўсё ёсць, нават з лішкам. Проста цяпер буду збіраць і адкладаць на тэхніку загадзя, не залазячы ў крэдыты. Тут важна зразумець, што я не кажу, што крэдыты — гэта зло і імі нельга карыстацца. Проста трэба заўсёды трымаць у галаве той факт, што можа прыйсці не самы добры момант у жыцці. Нават з улікам высокага заробку патрэбная фінансавая падушка, з дапамогай якой можна было б спакойна аплачваць крэдыты хоць бы паўгода.

На дадзены момант мне засталося выплаціць прыкладна 18 тыс. рублёў. Калі ўсё пойдзе як цяпер, то за паўгода скончу з гэтым. Хочацца проста закрыць усё да канца, без гэтых утрыманняў, без арыштаў, без абмежаванняў. Каб зноў спакойна карыстацца сваім нумарам, ездзіць на сваёй машыне і гэтак далей.

— Як цяпер глядзіце на тэхніку, праз якую ўсё адбылося?

— Тэхніка добрая, працуе, і я не шкадую, што яе купляў. Мне проста не пашанцавала. Калі б не тыя два месяцы без продажаў і бабуля тады не захварэла, усё б ішло паводле плану, плаціў бы спакойна, без пратэрміновак. А так атрымалася як атрымалася. Бывае.

Калі шукаць плюсы ва ўсёй гэтай гісторыі, то раней я наогул не ўмеў адкладаць. Заўсёды траціў усё, што зарабляў, ніякіх зберажэнняў у мяне не было. І як я ўжо прывык жыць на паўзаробку, то ў будучыні, думаю, пачну адкладаць хаця б 10% ад даходу.

Уся камічнасць сітуацыі ў тым, што цяпер крэдытная гісторыя ў мяне горш няма куды, і на кватэру прыйдзецца збіраць самому.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула