У Мінску з’явілася вуліца кадэбэшніка Федасюка, які загінуў у перастрэлцы з Андрэем Зельцарам
На тэрыторыі мінскага жылога комплексу «Паўночны бераг» з’явілася вуліца, названая імем супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, які загінуў у перастрэлцы з Андрэем Зельцарам. Звесткі публічнай кадастравай карты заўважыла «Люстэрка».
Сінім колерам адзначаная вуліца Старшага лейтэнанта Дзмітрыя Федасюка. 2025 год, Мінск. Скрыншот публічнай кадастравай карты
Адрэзак працягласцю каля двух кіламетраў, які раней паводле дакументаў значыўся як «праектаваная вуліца №35», атрымаў імя «Старшага лейтэнанта Дзмітрыя Федасюка». Калі да іншых вуліцах можна знайсці кароткае апісанне, чым вядомы чалавек, чыім імем названая вуліца, то наконт гэтай інфармацыі ў публічнай кадастравай карце пакуль няма.
Рашэнне аб прысваенні вуліцы імя «Старшага лейтэнанта Дзмітрыя Федасюка» было зацверджанае Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў.
Дзмітрый Федасюк з пазыўным «Нірвана» — 31‑гадовы баец спецыяльнага падраздзялення «Альфа» КДБ, загінуў 28 верасня 2021 года падчас перастрэлкі ў кватэры Андрэя Зельцара на вул. Якубоўскага ў Мінску.
Жонку Зельцара Марыю Успенскую затрымалі, абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве і пазней накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар. Генпракуратура прызнала дзеянні супрацоўнікаў КДБ законнымі.
Пасля трагедыі па краіне прайшла хваля затрыманняў тых, хто, на думку ўладаў, няправільна выказваўся пра гэтую сітуацыю ў сацыяльных сетках. Супраць іх заводзілі крымінальныя справы паводле арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).