«Устаньце, сэр Дэвід» — Бэкхэм атрымаў рыцарскае званне. На ўрачыстасці ён быў у гарнітуры, які сшыла жонка
Былы капітан зборнай Англіі сэр Дэвід Бэкхэм афіцыйна ўганараваны рыцарскім званнем за заслугі перад футболам і брытанскім грамадствам, паведамляе Бі-бі-сі.
Дэвід і Вікторыя. Фота: Andrew Matthews — Pool/Getty Images
50‑гадовы Дэвід Бэкхэм атрымаў рыцарскае званне ад караля падчас цырымоніі ў Беркшыры ў аўторак.
«Людзі ведаюць, наколькі я патрыятычны — я люблю сваю краіну. Я заўсёды казаў, наколькі важная манархія для маёй сям’і. Мне пашанцавала падарожнічаць па ўсім свеце, і ўсе людзі хочуць са мной гаварыць пра нашу манархію. Я ганаруся гэтым», — сказаў ён учора.
Бэкхэма суправаджалі яго жонка Вікторыя і яго бацькі Сандра і Дэвід.
Вікторыя, якая атрымала ордэн Брытанскай імперыі (OBE) у 2017 годзе за заслугі перад індустрыяй моды, спраектавала і пашыла гарнітур, у які быў апрануты ейны муж для цырымоніі ў замку.
«Кароль Карл быў даволі ўражаны маім касцюмам», — сказаў Бэкхэм.
«Ён самы элегантна апрануты мужчына, якога я ведаю, таму ён натхніў некалькі маіх вобразаў за гэтыя гады і, безумоўна, натхніў гэты выгляд. Гэта была рэч, якую зрабіла для мяне мая жонка. Я паглядзеў старыя здымкі яго, калі ён быў яшчэ маладым, у ранішніх касцюмах, і падумаў: «Добра, вось што я хачу насіць», — таму я аддаў гэта жонцы, і яна зрабіла гэта», — дадаў футбаліст.
Бэкхэм згуляў 115 разоў за сваю краіну і быў капітанам зборнай «Трох львоў» на працягу шасці гадоў — з 2000 па 2006. Былы паўабаронца «Манчэстэр Юнайтэд» і «Рэала» згуляў у трох чэмпіянатах свету за Англію, а таксама ў двух чэмпіянатах Еўропы.
Бэкхэм выйшаў з акадэміі «Юнайтэд» у 1992 годзе і правёў 11 гадоў у асноўнай камандзе, перш чым у 2003 годзе перайсці ў «Рэал» за £25 мільёнаў. Таксама гуляў у «Лос-Анджэлес Галаксі», «Мілане» і ПСЖ.
Але ўплыў Бэкхэма выходзіць далёка за межы футбольнага поля.
Ён нарадзіўся ва ўсходнім Лондане і сыграў ролю ў тым, што Лондан атрымаў права на правядзенне Алімпійскіх гульняў 2012 года.
Дэвід супрацоўнічае з гуманітарнай арганізацыяй Unicef з 2005 года, а ў 2015 годзе быў створаны фонд, названы ў яго гонар, каб адзначыць дзесяцігадовае партнёрства паміж імі.
Бэкхэм, які атрымаў ордэн Брытанскай імперыі (OBE) ад Лізаветы ІІ у 2003 годзе, стаяў у чарзе больш за 12 гадзін, каб развітацца з каралевай восенню 2022 года.
«Асаблівае пачуццё быць тут, сумаваць і слухаць розныя гісторыі, якія маюць людзі», — сказаў пасля гэтага Бэкхэм.
Бэкхэм стаў паслом Фонду Караля ў 2024 годзе, падтрымліваючы адукацыйную праграму караля Карла і намаганні, скіраваныя на тое, каб маладыя людзі лепш разумелі прыроду.