Былы трэнер мінскага «Дынама» пратрымаўся ў Малдове толькі два месяцы. Кажуць, яго неўпадабалі афрыканцы
Вадзім Скрыпчанка бясслаўна пакінуў «Шэрыф».
Вадзім Скрыпчанка. Фота: «Дынама» Мінск
Беларус Вадзім Скрыпчанка пакінуў пасаду галоўнага трэнера ціраспальскага «Шэрыфа». Разам з ім з каманды пайшлі памочнікі Вячаслаў Герашчанка і Руслан Зубік.
Скрыпчанка прапрацаваў у «Шэрыфе» толькі два месяцы. Пад яго кіраўніцтвам мясцовы топ-клуб атрымаў чатыры перамогі і пацярпеў тры паразы ў чэмпіянаце Малдовы. І страціў лідарства ў табліцы.
Афіцыйна з трэнерам развіталіся паводле пагаднення бакоў, хоць кантракт быў разлічаны на два гады. Самому Скрыпчанку сказалі, што ўсё праз дрэнныя вынікі. Але рэальныя прычыны звальнення могуць быць іншымі, піша «Трыбуна».
Афрыканскія легіянеры «Шэрыфа» былі незадаволеныя тым, што Скрыпчанка рабіў упор на фізпадрыхтоўку і прымушаў цяжка працаваць на трэніроўках. Акрамя таго, у трэнера быў моўны бар'ер: Скрыпчанка гаворыць па-англійску, але не ведае французскай. Таму легіянеры скардзіліся на трэнера наверх.
Не падабаўся сілавы футбол беларуса і ўладальніку клуба, прыднястроўскаму алігарху Віктару Гушану. Хоць ён не мог не ведаць, які футбол прапаведуе Скрыпчанка. Паводле звестак выдання, Гушан знайшоў беларусу замену ў асобе спецыяліста з Іспаніі Рамона Кальдэрэ. І таму вырашыў трэнера звольніць.
Раннія звальненні для Скрыпчанкі — гэта справа, хутчэй, звыклая. Да мінскага «Дынама», якім ён кіраваў два з паловай гады, ён рэдка дзе затрымліваўся больш чым на год. Але два месяцы — гэта асабісты рэкорд.