БЕЛ Ł РУС

Спікер Сейма Літвы спадзяецца, што мяжу з Беларуссю адкрыюць у канцы месяца

5.11.2025 / 15:19

Nashaniva.com

Урад Літвы закрыў мяжу з Беларуссю да канца месяца праз метэазонды з кантрабандай. Спікер Сейму Юозас Олекас спадзяецца, што пасля заканчэння вызначанага тэрміну яна будзе адкрытая. Хоць гэтае рашэнне і балючае для беларускага рэжыму, яно таксама парушае звыклы ўклад жыцця ў Літве, піша Delfi.lt.

«Я думаю, што прынятыя цяпер меры будуць мець балючы эфект, але, незалежна ад рэакцыі беларускага рэжыму, я ўсё роўна хачу, каб жыццё працягвалася і каб межы былі адкрытыя», — заявіў Юозас Олекас у інтэрв’ю Žinių radijas.

«Закрыццё мяжы, вядома, мае эфект стрымлівання тых, хто выпускае гэтыя шары, але таксама перашкаджае нашаму нармальнаму жыццю», — сцвярджае палітык.

Паводле яго слоў, закрыццё мяжы пазбавіла жыхароў магчымасці наведваць магілы сваіх сваякоў у Беларусі і працягвае перашкаджаць руху грузавых аўтамабіляў па міжнародных маршрутах.

«Я веру, што мы хацелі б, каб мяжа была адкрытая, каб нашы людзі маглі ездзіць [у Беларусь], каб нашы перавозчыкі маглі ездзіць, (…) таму мы пастараемся вырашыць гэтую праблему», — заявіў сацыял-дэмакрат.

Ён раскрытыкаваў дзеянні папярэдняга ўрада, які, паводле слоў парламентарыя, не адрэагаваў належным чынам на пагрозу метэазондаў. «Пазіцыя папярэдняга ўраду была такая: нічога страшнага, хай лётаюць [шары], гэта кантрабанда, і, магчыма, не было дастатковага рэагавання для барацьбы з ёй, і гэта магло выклікаць такія гібрыдныя праблемы», — заявіў Олекас.

Праз наплыў метэазондаў з кантрабандай у канцы кастрычніка Віленскі аэрапорт некалькі разоў прыпыняў палёты, адзін раз палёты прыпыняў і Ковенскі аэрапорт. У выніку ўрад Літвы прыняў рашэнне закрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула