БЕЛ Ł РУС

Ізраільскі міністр заклікаў яўрэяў пакінуць Нью-Ёрк

6.11.2025 / 8:56

Nashaniva.com

У горадзе жыве каля 1,3 мільёна яўрэяў — гэта самая вялікая яўрэйская супольнасць ва ўсім свеце, акрамя Ізраіля.

Яўрэі-хасіды ў Брукліне. Фота: Andres Kudacki / AP

Аміхай Шыклі — міністр па пытаннях дыяспары і барацьбы з антысемітызмам Ізраіля — пасля перамогі 34‑гадовага мусульманіна-дэмакрата Захрана Мамдані на выбарах мэра ў Нью-Ёрку заклікаў яўрэяў, якія жывуць у горадзе, вярнуцца на радзіму, паведамляе Deutsche Welle.

«Горад, які калісьці сімвалізаваў усеагульную свабоду, перадаў ключы ад улады прыхільніку ХАМАС, чыя пазіцыя не такая ўжо і далёкая ад пазіцыі фанатыкаў-джыхадзістаў, што забілі тры тысячы жыхароў Нью-Ёрка 25 гадоў таму», — напісаў Шыклі на сваёй старонцы ў X у сераду, 5 лістапада.

Паводле яго меркавання, «Нью-Ёрк ужо ніколі не будзе ранейшым, асабліва для яго яўрэйскай супольнасці», таму яе прадстаўнікам варта «сур’ёзна задумацца пра тое, каб зрабіць Зямлю Ізраільскую сваім новым домам». «Нью-Ёрк ідзе з расплюшчанымі вачыма ў бездань, у якую апусціўся Лондан», — дадаў Шыклі.

У горадзе жыве каля 1,3 мільёна яўрэяў — гэта самая вялікая яўрэйская супольнасць ва ўсім свеце, акрамя Ізраіля. Пры гэтым Мамдані называў дзеючую ў Ізраілі ўладу «рэжымам апартэіду», а вайну ў Газе — «генацыдам». У той жа час пра ХАМАС ён не выказваўся.

З меркаваннем Шыклі пра Мамдані таксама пагадзіўся міністр нацыянальнай бяспекі Ізраіля і лідар крайне правай партыі «Оцма Егудыт» («Яўрэйская сіла») Ітамар Бен-Гвір. «Антысемітызм атрымаў перамогу над здаровым сэнсам. Мамдані — прыхільнік ХАМАС, вораг Ізраіля і заўзяты антысеміт», — прыводзіць яго словы AFP.

Выбары кіраўніка горада прайшлі 4 лістапада. Па выніках апрацоўкі амаль 98% галасоў Мамдані, якога вылучылі Дэмакратычная партыя і «Партыя працоўных сем’яў», атрымлівае перамогу — ён набраў каля 50,4% галасоў.

Трамп называў Мамдані — прыхільніка левых поглядаў — камуністам. Прэзідэнт сцвярджаў, што ідэі палітыка пашкодзяць гораду. У прыватнасці, ён прапаноўваў увесці замарозку арэнднай платы на жыллё, зрабіць праезд у гарадскіх аўтобусах бясплатным, забяспечыць усеагульную дашкольную адукацыю, а таксама адкрыць сетку муніцыпальных харчовых крам. Фінансаваць праекты Мамдані плануе за кошт павышэння падаткаў для багатых і кампаній.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула