БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік МУС Літвы: Краіна гатова прапусціць захраслыя грузавікі праз Салечнікі — Беняконі

6.11.2025 / 11:33

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч сцвярджае, што будуць прадпрынятыя намаганні па забеспячэнні пропуску грузавікоў з Беларусі ў Літву праз пункт пропуску «Салечнікі» (з беларускага боку «Беняконі»), піша Delfi.lt.

Пункт пропуску «Беняконі», фота Мытны камітэт

«Вялікая група (транспартных сродкаў) знаходзіцца ля тэрмінала пункта пропуску «Салечнікі». (…) Там каля 500 транспартных сродкаў. Мы лічым, што можам пачаць прапускаць іх праз гэты пункт пропуску, бо яны не могуць паехаць у іншае месца. Там ёсць і кіроўцы, і прычэпы», — паведаміў Кандратовіч.

Міністр нагадаў, што Мінск прыняў рашэнне аб забароне руху літоўскіх грузавікоў па тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым, па словах Кандратовіча, разглядаецца магчымасць звароту да беларускіх уладаў для інфармавання літоўскіх перавозчыкаў аб магчымасці вяртання ў Літву праз памежны пункт «Салечнікі».

«На тэхнічным узроўні мы, хутчэй за ўсё, праз нашых памежных упаўнаважаных перадамо паведамленне аб магчымасці выкарыстання Салечнікаў менавіта для такога транспарту. Паглядзім, як адрэагуе Беларусь», — сказаў міністр.

Па словах Кандратовіча, чакаецца дасягненне пагаднення з Беларуссю аб пропуску транспартных сродкаў, якія знаходзяцца ў нейтральнай зоне ў раёне пункта пропуску «Салечнікі».

«Калі будзе дасягнута дамоўленасць аб тым, што будуць праязджаць менавіта тыя транспартныя сродкі, якія фактычна знаходзяцца ў нейтральнай зоне, (…) мы абавязкова будзем рухацца далей, а там паглядзім», — растлумачыў міністр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула