БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская сустрэлася з прэм'ерам Аўстраліі. Той быў з мілым дзіцячым бранзалетам на руце, а сышоў яшчэ і з БЧБ

6.11.2025 / 14:27

Nashaniva.com

Упершыню аўстралійскі прэм’ер прымае беларускага палітыка на такім узроўні.

Фота: Anthony Albanese / X

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Аўстралію сустрэлася 6 лістапада з прэм’ер-міністрам краіны Энтані Албанізам. Упершыню аўстралійскі прэм’ер прымае беларускага палітыка на такім узроўні.

Албаніз выказаў падтрымку беларускаму народу і беларускім дэмакратычным сілам. Падчас размовы бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, вайну Расіі супраць Украіны, падтрымку для рэпрэсаваных і санкцыйную палітыку. Святлана Ціханоўская заклікала адрозніваць рэжым і беларусаў, Беларусь і Расію. 

Яна падзякавала прэм’ер-міністру і ўраду Аўстраліі за прынцыповую пазіцыю ў падтрымцы Украіны і за ўвагу да сітуацыі ў Беларусі.

Ціханоўская распавяла аб праблемах беларускай дыяспары ў Аўстраліі, а таксама супольных гістарычных сувязях. Абмеркавалі магчымасці наладжвання кантактаў з краінамі Ціхаакіянскага рэгіёна, а таксама Сінгапурам, Японіяй, і Карэяй.

На адным з фота ў руках у прэм'ера бачны бела-чырвона-белы бранзалет. Адкуль ён?

Фота: Офіс Ціханоўскай

Дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі расказаў, што падчас сустрэчы Ціханоўская заўважыла ў прэм’ер-міністра іншы бранзалет, падобны да ручной працы, і запыталася пра яго. Аказалася, гэта быў падарунак ад маленькай дзяўчынкі, якая наведвала парламент і зрабіла бранзалет для прэм'ера з ягоным імем.

Звычайна такія жэсты, як падарункі, па дыпламатычным пратаколе загадзя ўзгадняюцца. Але тут, кажа Кучынскі, быў прыдатны момант, каб зрабіць сімвалічны падарунак.

«Ціханоўская падарыла прэм’ер-міністру бранзалет з бела-чырвона-белым сцягам і коратка расказала гісторыю нашай сімволікі — пра БЧБ, «Пагоню», пра тое, што яна значыць для беларусаў і чаму гэтак важна захоўваць сваю гісторыю насуперак спробам рэжыму яе знішчыць.

Прэм’ер-міністр з вялікай цікавасцю ўспрыняў гэты жэст, сказаўшы, што пойдзе з ім на сесію пытанняў і адказаў у Парламенце, і паабяцаўшы насіць бранзалет як знак падтрымкі і салідарнасці з беларускім народам».

Аўстралія ўваходзіць у групу G-20 найбольшых эканомік свету.

«Таму такая сустрэча мае асаблівую вагу, — кажа Кучынскі. — Сам факт, што перамовы прайшлі ў офісе кіраўніка ўрада, падкрэслівае прызнанне Святланы Ціханоўскай як абранай лідаркі беларускага народа і цікавасць Аўстраліі да лёсу Беларусі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула