Як выглядае дрон кантрабандыстаў, які ўчора бразнуўся па той бок польскай мяжы ФОТАФАКТ
У сераду польскія памежнікі знайшлі дрон, якім з Беларусі перавозілі каля 400 пачкаў кантрабандных цыгарэт.
Яго знайшлі на лясной тэрыторыі каля Крынак недалёка ад мяжы з Беларуссю. Польская памежная служба паведаміла, што пра дрон памежнікаў папярэдзіў мясцовы жыхар, таму на месца здарэння былі накіраваныя пажарныя і паліцыя, піша 15min.lt.
«Унутры дрона памежнікі знайшлі каля 400 пачкаў цыгарэт. Усе яны былі з беларускімі акцызнымі маркамі. Далейшыя дзеянні ў гэтым выпадку праводзяць памежнікі», — паведамілі чыноўнікі.
Сёлета гэта ўжо васямнаццаты выпадак у Падляшскім ваяводстве, калі для перавозкі цыгарэт праз мяжу выкарыстоўваўся дрон. Таксама зафіксавана 118 выпадкаў выкарыстання паветраных шароў.
Усяго сёлета мясцовыя ўлады канфіскавалі дроны і паветраныя шары, з дапамогай якіх перавозіліся цыгарэты агульным коштам каля 3,4 мільёна злотых (800 тысяч еўра). У сувязі з кантрабандай былі затрыманыя 29 чалавек.