На мяжы Грэцыі і Албаніі знайшлі самае вялікае ў свеце павуцінне
У Сернай пячоры на мяжы Грэцыі і Албаніі даследчыкі знайшлі гіганцкае павуцінне плошчай каля 106 квадратных метраў — гэта самае вялікае вядомае павуцінне на Зямлі. Як паведамляецца ў навуковым часопісе Subterranean Biology, яго стварылі больш за 111 тысяч павукоў.
Фота: Subterranean Biology
Гэта не суцэльная сетка, а нібы «пакрывала» з тысяч дробных участкаў, звязаных паміж сабой. У павуцінні навукоўцы налічылі каля 69 тысяч павукоў віду Tegenaria domestica і прыкладна 42 тысячы Prinerigone vagans.
Адкрыццё ўпершыню пацвердзіла, што гэтыя два віды могуць жыць калоніяй, а не асобна. Павукі палююць на дробных мошак, якія кормяцца мікробнымі біяплёнкамі. Гэта абвяргае ранейшыя здагадкі, што Tegenaria domestica нібыта з’ядаюць Prinerigone vagans.
Фота: Subterranean Biology
Даследаванне генетычных і мікрабіялагічных асаблівасцяў паказала, што пячорныя павукі адрозніваюцца ад тых, якія жывуць на паверхні: у іх менш разнастайная кішэчная флора, а ДНК сведчыць пра прыстасаванне да жыцця ў вечнай цемры і серністай атмасферы.
Унікальная экасістэма Сернай пячоры існуе дзякуючы цёплым таксічным патокам (каля 26°C) з насычанай серавадародам вадой (пах тухлых яек), ствараючы асаблівае асяроддзе для павукоў і іншых істот.
Чытайце таксама:
У Мінску знайшлі на вуліцы незвычайнага павука
Ад Антарктыды адкалоўся велізарны айсберг. Навукоўцаў уразіла, што аказалася пад ім