Жонка прэзідэнта Польшчы ў 39 гадоў пайшла на пенсію
Марта Наўроцкая, жонка прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, у 39 гадоў афіцыйна пайшла на пенсію. Яна сама сказала пра гэта ў інтэрв’ю для часопіса Viva!, адзначыўшы: «Разумею, як гэта гучыць», піша Business Insider.
Марта Наўроцкая з мужам 6 жніўня 2025 года на інаўгурацыі ў Варшаве. Фота: AP Photo/Czarek Sokolowski
Да таго, як стаць першай лэдзі Польшчы, Марта Наўроцкая 18 гадоў працавала ў Мытнай службе і Нацыянальнай падатковай адміністрацыі на пасадзе малодшага эксперта. Сваю адстаўку яна растлумачыла жаданнем цалкам прысвяціць сябе новым абавязкам — ролі першай лэдзі.
Яшчэ да інаўгурацыі мужа яна брала адпачынак за свой кошт для ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі, а 6 жніўня афіцыйна аформіла пенсію.
«Я зрабіла гэта з прынцыпу, дзеля сябе і дзеля службы, на якой працавала», — растлумачыла яна сваё рашэнне.
Законы Польшчы дазваляюць супрацоўнікам падатковай службы ісці на пенсію пасля 15 гадоў працы, таму ў яе была магчымасць, нягледзячы на тое, што жанчыне няма нават 40 гадоў.
Сваю новую ролю ў Прэзідэнцкім палацы яна лічыць «яшчэ адным вымярэннем служэння». На пытанне, ці вернецца сям’я ў Гданьск, дзе жыла раней, пасля сканчэння прэзідэнцкага тэрміну мужа, яна адказала па-філасофску: «Жыццё само піша свой працяг».
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Польшчы заявіў, што рэгулярна размаўляе з духам Пілсудскага
Наўроцкі ў ААН назваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі прыярытэтам Польшчы