Беларусь адмовілася часова адкрыць пункт пропуску «Беняконі»
Пункт пропуску «Салечнікі» (з беларускага боку «Беняконі») застаецца закрытым, паведаміў дарадца прэм’ер-міністра Літвы Ігнас Дабравольскас. Беларусь у пятніцу ўвечары адмовілася часова яго адкрыць, паведамляе LRT.
Пункт пропуску «Салечнікі» застаецца закрытым, але ўрад працягвае шукаць магчымасці дапамагчы літоўскім перавозчыкам вярнуць сваю маёмасць. Літва заклікае сваіх перавозчыкаў збіраць інфармацыю пра панесеныя страты, каб пасля паспрабаваць спагнаць іх з Беларусі, адзначыў Дабравольскас.
Дабравольскас кажа, што ўлады Беларусі і далей ствараюць штучныя перашкоды літоўскім і еўрапейскім кампаніям для вяртання сваёй маёмасці — грузавога транспарту з тэрыторыі Беларусі. «Пункты пропуску былі закрытыя ў адказ на гібрыдную атаку супраць Літвы, з-за якой узнікла пагроза грамадзянскай авіяцыі, былі закрануты некалькі дзесяткаў рэгулярных рэйсаў і пацярпелі некалькі дзясяткаў тысяч пасажыраў», — пракаментаваў ён.
У Беларусі захраслі каля 5 тысяч літоўскіх цягачоў і паўпрычэпаў, а Мінск забараняе іх рух па краіне. Літва выказвала надзею, што пункт «Салечнікі» («Беняконі»), нягледзячы на закрытую да 30 лістапада мяжу, часова будзе адкрыты для пропуску фураў, але ў чацвер прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў, што Беларусь адмаўляецца гэта рабіць.