Ціханоўская: Візіт у Аўстралію — знак, што Беларусь застаецца часткай дэмакратычнага свету
Прэс-служба Святланы Ціханоўскай падвяла вынікі візітў Аўстралію
«Гэты візіт — знак таго, што Беларусь застаецца часткай дэмакратычнага свету, нават калі рэжым спрабуе ізаляваць краіну. Мы будуем масты і сяброўства з тымі, хто падзяляе нашыя каштоўнасці свабоды і годнасці»,— Святлана Ціханоўская.
Цягам чатырох дзён візіту ў Аўстралію Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў на самым высокім узроўні: з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Энтані Албанізам; з міністаркай замежных справаў Аўстраліі Пэні Вонг; са спікерам Палаты прадстаўнікоў Аўстраліі Мілтанам Дыкам; з прадстаўнікамі Ліберальнай партыі Аўстраліі; кіраўніцай Аўстралійскай рады прафсаюзаў Мішэль О'Ніл; з былым прэм’ер-міністрам Скотам Морысанам; з былым прэм’ер-міністрам Тоні Аботам.
Яна выступіла ў Аўстралійскім нацыянальным універсітэце з лекцыяй, у якой сфакусавалася на тым, чаму барацьба беларусаў за свабоду — гэта частка глабальнай барацьбы за дэмакратыю, на канферэнцыі, прысвечанай глабальным пагрозам аўтарытарызму і супрацоўніцтву дэмакратычных дзяржаў, дзе стала галоўнай спікеркай; Аўстралійскім інстытуце стратэгічнай палітыкі, дзе адзначыла, што Беларусь знаходзіцца пад кантролем Расіі, а рэжым Лукашэнкі стаў яе проксі; з лекцыяй «Ад турэмных камер да палёў бітваў» ва ўніверсітэце Суінберн у Мельбурне, прысвечаную барацьбе беларусаў і ўкраінцаў супраць «рускага свету»; на публічнай дыскусіі «Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі», арганізаванай Аўстралійскім інстытутам міжнародных спраў у штаце Вікторыя.
Таксама Ціханоўская ўшанавала памяць беларусаў у мемарыяле ANZAC (памяці аўстралійцаў і новазеландцаў, што загінулі падчас Другой сусветнай вайны) і сустрэлася з беларускай дыяспарай.