Прэм'ер Літвы прыехала на беларускую мяжу
«Сённяшні працоўны дзень на мяжы», — напісала Інга Ругінене ў фэйсбуку.
Фота з фэйсбука Інгі Ругінене
Дарадца прэм’ер-міністра Ігнас Дабравольскас заявіў, што прэм’ер хоча на свае вочы ўбачыць абстаноўку на мяжы.
«Прэм’ер-міністарка разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнай памежнай службы праінспектуе абстаноўку на літоўска-беларускай мяжы — як на зямлі, так і з паветра. Прэм’ер-міністарка хоча ўбачыць рэальную карціну і ацаніць сітуацыю на свае вочы», — паведаміў ён.
Учора паведамлялася, што Лукашэнка прымаў з дакладам Канстанціна Моластава і даў указанні наконт беларуска-літоўскай мяжы, але што менавіта, не ўдакладнялася.
Тым часам пасля перапынку ў некалькі дзён мінулай ноччу радыёлакацыйныя станцыі зноў зафіксавалі аб’екты, што ляцелі з Беларусі ў бок Літвы.
Як сказаў у эфіры радыёстанцыі LRT кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання ў крызісных сітуацыях Вілмантас Віткаўскас, пакуль невядома, ці былі гэта паветраныя шары кантрабандыстаў. «Нашы радыёлакацыйныя станцыі зафіксавалі сляды, якія, меркуючы па параметрах, належаць паветраным шарам. Учора-пазаўчора мы такіх з’яў не назіралі. Таму мы кажам, што Беларусь, хутчэй за ўсё, зноў талерантна ставіцца да запуску кантрабандных паветраных шароў са сваёй тэрыторыі ў Літву. Мяркуючы па ўсіх параметрах, гэта мог быць метэаралагічны зонд, але пакуль няма візуальнага кантакту, пакуль мы не бачым яго ў паветранай прасторы, мы не можам дакладна сказаць, што гэта быў менавіта паветраны шар і колькі іх было на той момант», — сказаў Віткаўскас.