БЕЛ Ł РУС

Кот Лары з рэзідэнцыі брытанскага прэм'ера зробіцца галоўным героем дакументальнага серыяла

8.11.2025 / 21:34

Nashaniva.com

Брытанскі тэлеканал Channel 4 рыхтуе дакументальны серыял, прысвечаны любові жыхароў Вялікабрытаніі да катоў. Галоўным героем у ім зробіцца знакаміты кот Лары, які жыве на Даўнінг-стрыт, 10 — у лонданскай рэзідэнцыі прэм’ер-міністра. Пра гэта паведаміла газета The Guardian.

Фота: Rasid Necati Aslim/Anadolu via Getty Images

Лары ўжо даўно стаўся сапраўдным сімвалам брытанскай палітычнай сцэны — за 15 гадоў яго службы ў рэзідэнцыі змяніліся шэсць кіраўнікоў урада. Хутка ён можа нават перасягнуць па працягласці службы рэкорд Уільяма Піта Малодшага, аднаго з выдатных брытанскіх палітыкаў XVIII—XIX стагоддзяў — той кіраваў Вялікабрытаніяй агулам каля 19 гадоў.

Ката Лары часта можна ўбачыць у кадрах афіцыйных трансляцый, а ў сацсетках існуе некалькі старонак, прысвечаных яму. Найбольш папулярная мае ўжо больш за 868 тысяч падпісчыкаў. Прыхільнікі з усяго свету дасылаюць Лары лісты, падарункі і ласункі. Ён нават згадваецца ў кнізе журналіста і паліткансультанта Пітэра Кордуэла «Палітычныя жывёлы».

Традыцыя трымаць катоў у рэзідэнцыі брытанскага прэм’ера бярэ пачатак яшчэ з XV стагоддзя, а з 1929 года ім быў нададзены афіцыйны статус і гадавы заробак у 100 фунтаў. Лары, якога ўзялі з прытулку, служыць там з 2011 года.

У XX стагоддзі самым вядомым «катом прэм’ер-міністра» быў Хамфры, які ахоўваў рэзідэнцыю ад грызуноў пры Маргарэт Тэтчэр, Джоне Мэйджары і Тоні Блэры. Ён памёр у 2008 годзе ва ўзросце каля 18 гадоў.

Чытайце таксама:

Кот Лары збег з рэзідэнцыі на Даўнінг-стрыт, калі туды зайшоў Зяленскі ВІДЭА

Сумны кот Лары, галоўны мышалоў урада Брытаніі, выказвае стаўленне да змены гаспадара на Даўнінг-стрыт ФОТАФАКТ

Кот Лары, які жыве ў рэзідэнцыі прэм'ера Брытаніі, катэгарычна адмовіўся ісці на кантакт з Трампам ФОТА

Як выглядае галоўны кот Брытаніі ФОТАФАКТ

Кот Лары працягне працу ў рэзідэнцыі брытанскіх прэм'ераў пасля сыходу Кэмерана ФОТА

Каментары да артыкула