БЕЛ Ł РУС

Арганізацыя, якой кіруе Шуневіч, пахвалілася чарговым забойствам — чырванакніжнай рысі

9.11.2025 / 16:55

Nashaniva.com

У Шаркаўшчынскай паляўнічай гаспадарцы ўпершыню пасля амаль саракагадовай забароны на паляванне ў Беларусі была забітая рысь. Гэты від усё яшчэ ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, але былы міністр унутраных спраў пралабіраваў праз Лукашэнку дазвол на паляванне.

Пешая забітая за амаль сорак гадоў рысь у Беларусі. Фота: Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў

Са здабыццём першага трафея павіншавала «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў», якое ўзначальвае былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. 

Новы сезон і новыя правілы

З 1 кастрычніка па 31 студзеня ў Беларусі адкрыты сезон палявання на рысь. Гэта першы сезон пасля таго, як від быў выключаны з поўнай забароны і ўключаны ў пералік жывёл, на якіх дапускаецца паляванне згодна з Планам кіравання папуляцыяй рысі ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Паляванне дазволенае толькі ў асобных рэгіёнах Віцебскай (15 раёнаў), Гомельскай (14 раёнаў), Гродзенскай (2 раёны) і Мінскай (8 раёнаў) абласцей.

Рысь у Беларусі цяпер мае «бінарны прыродаахоўны статус» — яна з’яўляецца адначасова паляўнічым відам і відам, уключаным у Чырвоную кнігу. Гэта значыць, што здабыча магчымaя толькі ў межах навукова абгрунтаваных квот і пад строгім кантролем.

Прычынай перагляду ахоўнага статусу рысі і частковага адкрыцця палявання на яе называўся рост папуляцыі гэтага віду.

Паводле даных Міністэрства прыродных рэсурсаў, на пачатак 2024 года ў краіне налічвалася толькі 1315 асобін еўрапейскай рысі. Пры гэтым аптымальная колькасць для стабільнасці віду — каля 1520 асобін. 

Лабіраваў Шуневіч, дазволіў Лукашэнка

18 лістапада 2024 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 420, якім дазволіў паляванне на рысь і мядзведзя ў асобым рэжыме — на падставе планаў кіравання папуляцыямі, падрыхтаваных Нацыянальнай акадэміяй навук.

Гэта рашэнне стала вынікам шматгадовых намаганняў «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» і асабіста яго кіраўніка, Ігара Шуневіча, былога міністра ўнутраных спраў. Шуневіч неаднаразова выступаў за ўключэнне рысі і бурага мядзведзя ў пералік паляўнічых відаў, аргументуючы гэта неабходнасцю рэгулявання іх колькасці і прадухілення шкоды сельскай гаспадарцы.

Пры гэтым частка навукоўцаў з НАН Беларусі крытыкуе ініцыятыву, падкрэсліваючы, што папуляцыя рысі яшчэ не дасягнула дэмаграфічна стабільнага ўзроўню, а сам від працягвае заставацца ўразлівым у асобных рэгіёнах краіны.

На ўсіх не хопіць

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў налічвае каля 67 тысяч чалавек, з якіх прыкладна 35 тысяч маюць афіцыйныя білеты паляўнічага і рыбалова. Такім чынам, на кожную рысь у краіне прыпадае амаль 30 паляўнічых — усім не хопіць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула